У трэцім чвэрцьфінальным матчы салігорскі “Шахцёр” здабыў “сухую” перамогу над гарадзенскім “Нёманам” (0:4) і ў выніку завяршыў серыю з лікам 3:0. Закінуўшы па дзве шайбы ў першых двух перыядах, у трэцім “гарнякі” засяродзіліся на гульні ад абароны і з невялікай затратай сіл здабылі трэцюю перамогу ў серыі.
Галы ў матчы забівалі Аляксей Страхаў (на ягоным рахунку таксама галявая перадача), Андрэй Башко, Віктар Андрушчанка і Максім Балмачных. Фінскі брамнік “Шахцёра” Міка Окса другі раз у плэй-оф зрабіў шатаут, адбіўшы ўсе 28 кідкоў па сваіх варотах, і ўзначаліў рэйтынг-ліст лепшых брамнікаў накаут-раунда.
Сапернікам па паўфінале для салігорцаў стане “Гомель”, які сёння здабыў перамогу над мінскім “Керамінам” (2:3) і таксама як і “Шахцёр” завяршыў чвэрцьфінальную серыю з лікам 3:0.
У сваім апошнім матчы сезону 2009-10 “Нёман” не змог парадаваць шматлікіх балельшчыкаў, якія прыйшлі падтрымаць любімую каманду ў лядовы палац спорту. Падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі саступілі салігорскаму “Шахцёру” і ў трэці раз, спыніўшы барацьбу за медалі адкрытага чэмпіянату Беларусі.
Спачатку здавалася, што гаспадары дадуць масцітаму саперніку сапраўдны бой. На працягу трох стартавых хвілін “Нёман” не выпускаў гасцей з іхнай зоны, ствараючы момант за момантам. Але кожны раз на шляху нападнікаў ўставаў фінскі брамнік гарнякоў Міка Окса. Праз некаторы час “Шахцёр” асвоіўся і правёў ударную двуххвілінку. Спачатку Башко ўдала адкрыўся на “пятачку”, пасля чаго, атрымаўшы перадачу з-за варот ад Алега Шафаренкі, прабіў у бліжні кут. А затым пяцёрка гаспадароў “загрузла” ў гасцявой зоне, у выніку чаго партнёры арганізавалі булітны выхад Віктара Андрушчанкі – 0:2.
Далейшае развіццё падзей на лёдзе не выклікала асаблівай цікавасці. “Шахцёр” прадказальна адкаціўся да сваіх варот, праводзячы контратакі, а “Нёман” імкнуўся ствараць моманты, але рабіў гэта ўжо неяк механічна, па інэрцыі. Было відаць, што гаспадароў зламалі дзве хутка прапушчаныя шайбы. Магчыма, сітуацыя змянілася б, забі Лісічкін ў сярэдзіне другога перыяду пры выхадзе “адзін у нуль”. Але зноў бліснуў рэакцыяй Окса. А крыху пазней хрэстаматыйная атака “з ходу” з удзелам Яраслава Чуприса, Яўгена Кавыршына і Максіма Балмачных пазбавіла сустрэчу хоць бы якой інтрыгі. Чацвёрты гол, які нарадзіўся праз 33 секунды дэмаралізаваў “Нёман” канчаткова.
НЁМАН (ГРОДНА) – ШАХЦЁР (САЛІГОРСК) 0:4 (0:2, 0:2, 0:0)
05.03.2010@18:06. г. Гродна, Лядовы палац спорту. 2800 (2550) глядачоў.
СУДДЗІ: Васіль БЫКОЎСКІ (Віцебск), Уладзімір ПРАСКУРАЎ (Мінск), Дзмітрый Корабаў (Наваполацк), Андрэй Гаўрыленка (Наваполацк).
СКЛАДЫ:
НЁМАН: Зарудны, Шлыкаў; Пракопчык – Мядзведзеў (к), Лісічкін – Малашкевіч – Ягораў; Саяпін – Гарошка, Мядзель – Паўловіч – Ар. Бондараў; Лупандзін – Капылец, Рэмезаў – Макс. Якаўлеў – Гарбуноў; Ластавецкі – С. Маляўка – К. Міхайлаў. Галоўны трэнер: Дзмітрый КРАЎЧАНКА.
ШАХЦЁР: Окса, Гарачэўскіх; Башко (к) – Світа, Вік. Андрушчанка – Кулакоў – Шафарэнка; Сушко – Антонаў, Балмачных – Чупрыс – Кавыршын; Шведаў – Люткевіч, Камбовіч – Страхаў – Ул. Міхайлаў; Нагачоў. Галоўны трэнер: Сяргей ШЭПЯЦЮК.
ШАЙБЫ:
06:21 0-1 Башко (Шафарэнка, Світа);
08:04 0-2 Вік. Андрушчанка (Люткевіч, Страхаў);
37:59 0-3 Балмачных (Чупрыс, Кавыршын – больш.);
38:32 0-4 Страхаў (Ул. Міхайлаў, Камбовіч).
БРАМНIКI: Зарудны (00:00-00:00 – 86,7 %) – Окса (00:00-00:00 – 100,0 %).
КIДКI: 28-26 (15-6, 8-8, 5-12).
ШТРАФЫ: 22-12 (0-6, 2-4, 20-2).
НЁМАН: Пракопчык, С. Маляўка – 20.
ШАХЦЁР: Башко, Вік. Андрушчанка, Шведаў, Світа – 4, Антонаў.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Аляксандр МЯДЗВЕДЗЕЎ (Нёман) – Міка ОКСА, Аляксей СТРАХАЎ (Шахцёр).
Дзяніс КАЛІНОЎСКІ
ФОТА: prosto-free.livejournal.com













