Гэта быў сапраўды гістарычны матч і па сваім статусе і па напале, што суправаджаў шлях фінаў да бронзавых медалёў алімпійскага хакейнага турніру. Прайграючы 1-3, фіны ў выніку змаглі вырваць перамогу з лікам 5-3, закінуўшы ў апошняй траціне матчу адразу чатыры шайбы.
Дубль Олі Ёкіненка ў першай палове трэцяга перыяду перакрэсліў усе спадзяванні славакаў на бронзавыя медалі. Яшчэ тры шайбы фінаў на рахунку Самі Сала, Нікласа Хагмана і Вальтэры Філпулы. Павал Дзямітра, нападнік зборнай Славаччыны і “Ванкувер Кэнакс”, стаў першым сярод бамбардзіраў сваёй зборнай з голам і двума перадачамі. Больш за тое, славак стаў першым, каму на алімпійскім турніры давялося набраць 10 ачкоў. Яшчэ адну шайбу славакаў закінуў Марыян Госса (на ягоным рахунку таксама галявая перадача), трэці гол – на рахунку Марыяна Габорыка.
Адразу тры фінскіх хакеіста – Саку Койву, Еры Лехцінен і Віле Пелтанен – заваявалі сваю чацьвёртую алімпійскую ўзнагароду. У іхняй скарбонцы “срэбра” (2006) і тры “бронзы” (1994, 1998 і 2010). Гэта дазволіла стаць ім у шэраг такіх знакамітасцяў як Уладзіслаў Трацьяк, Іржы Холік і Ігар Краўчук. На рахунку кожнага з іх па чатыры алімпійскія медалі.
“Я думаю, што гэта нешта кажа пра іх асабіста і пра фінскі хакей у цэлым, – кажа малодшы брат Саку Койву Міка. – Гэтае дасягненне сведчыць аб нашым характары і характары нашай каманды“, – дадаў ён. “Калі вы бачыце, як нашы ветэраны Койву, Лехцінен і Пелтанен кладуцца пад шайбы, ахвяруючы сваім целам, вы разумееце, што мы маем сапраўдных лідэраў, – кажа іншы фінскі нападнік Туома Рууту. – Я лічу за гонар гуляць разам з такімі людзьмі ў адной камандзе“, – дадае ён.
Зборная Фінляндыі можа смела лічыцца экспертам па трэціх месцах хакейных турніраў. У чатырох з апошніх пяці алімпіяд фіны заваёўвалі медалі – на жаль акрамя залатых. А ў новым стагоддзі яны ўжо тройчы бралі “бронзу” чэмпіянатаў свету (2000, 2006, 2008).
“Пасля таго, што адбылося днём раней, было б вельмі цяжка вяртацца дадому з чацвёртым месцам, – сказаў фінскі нападнік Ярка Рууту, нацякаючы на крыўдную паразу ў паўфінале ад зборнай ЗША (1:6). – Насамрэч чацьвёрты ты, ці восьмы, гэта ня мае асаблівага значэння. Вось “бронза” – гэта тое, што сапраўды нешта значыць!”
Нягледзячы на папярэднія паразы абедзве каманды ня сталі мяняць сваіх брамнікаў. Месцы на апошніх рубяжах занялі Міка Кіпрусоф (які ў паўфінале прапусціў 4 шайбы з 7 кідкоў) і Яраслаў Галак, працы ў якога сёння было ў паўтары разы болей за свайго саперніка (32-22).
Дарэчы, на алімпійскіх гульнях зборная Славаччыны не паднімалася яшчэ вышэй за чацвёртае месца. На папярэднім турніры ў Турыне (2006) яны фінішавалі пятымі. Але ж за гэты ж час на чэмпіянатах свету яны паспелі заваяваць “золата” (2002), “срэбра” (2000) і “бронзу” (2003). Сёння ж, здабыўшы перамогі над зборнымі Расіі і Швецыі і ледзь не зачапіўшы ў паўфінале зборную Канады, славакі вяртаюцца дадому з пустымі рукамі.
Гэтая алімпіяда верагодна стала апошняй для цэлага шэрагу зорных гульцоў абедзвюх каманд. Наўрад ці мы ўжо пабачым на падобных турнірах у якасці гульцоў фінаў Міку Кіпрусофа, Ціму Селяне, Саку Койву, Вілі Пелтанена і Еры Лехцінена, а таксама славакаў Павала Дзямітру, Міраслава Шатана і Зігмунда Палфі.
“Першую сваю гульню за нацыянальную зборную я згуляў у 23 гады, – сказаў Селяне, які дадаў, што гэты сезон хутчэй за ўсё будзе для яго апошнім і ў НХЛ. – Пяць Алімпіяд, якія скончыліся бронзавым медалём – шмат хто аб гэтым толькі марыць. А асабліва калі вы яшчэ і выйграеце апошні свой матч – гэта мае не абы якое значэнне. Я сапраўды прыдзяляю гэтаму вялікае значэнне. Кожны раз, калі вы гуляеце супраць мацнейшых гульцоў свету і ў змозе атрымаць такую медаль, яна сапраўды становіцца вельмі значнай“, – дадаў нападнік.
Гульня пачалася вельмі асцярожна і тым ня меней некалькі вострых момантаў адбылося ўжо на самым пачатку сустрэчы. Фінскі брамнік Міка Кіпрусоф паспеў зрабіць некалькі прыгожых сэйваў, не спасаваў ён і пад час вельмі плотнага наступу на свае вароты ў меньшасці пасля выдалення Нікласа Хагмана. Міраслаў Шатан меў неблагі шанец адкрыць лік у сустрэчы, выйшаўшы сам на сам з абаронцам Ёні Пітканенам, але ж памыліўся і абгуляць фіна не змог. А крыху пазней ужо Яраслаў Галак прадэманстраваў цуд надзейнасці ў процістаянні з Лехціненам.
Лік адкрыўся тады, калі да першага перапынку заставалася крыху болей за адну хвіліну. Абаронца “Ванкувер Кэнакс” і зборнай Фінляндыі Самі Сала гарматным стрэлам пацэліў над левым плячом Галака. Першы гол у матчы стаў і першым для Сала на алімпійскім турніры.
Падапечныя Юкі Яланена працягвалі прэсінг на пазіцыі славакаў амаль усю першую палову другога перыяду, але ж першае выдаленне ў фінскай зборнай у другім перыядзе апынулася для іх ледзь не фатальным. Павал Дзямітра, які баражыраваў па борце, дачакаўся ўдалага моманту і адпасаваў у цэнтр на Марыяна Габорыка. Той жа ў адзіны дотык пераправіў шайбу над правым плячом Кіпрусофа дакладна ў сетку варот.
Крыху пазней, скарыстаўшыся колькаснай перавагай у два палявых гульца, Марыян Госса вывеў сваю каманду наперад. Падправіўшы шайбу каньком, ён даслаў снарад дакладна паміж шчыткоў фінскага брамніка, які ўжо нічога ня змог зрабіць.
А двума хвілінамі па тому ўжо фіны мелі неблагі шанец аднавіць раўнавагу. Бранка Радзівоевіч ненаўмысна стукнуў Олі Ёкінена клюшкай у твар і атрымаў за тое адразу чатыры хвіліны штрафнога часу. Толькі вось зборная Суомі не толькі не скарысталася такім шчодрым падарункам, але і наадварот прапусціла яшчэ адну шайбу, маючы на пляцоўцы на аднаго палявога гульца болей. Марыян Госса даў пас на ход Марыяну Габорыку, а ўжо той не памыліўся апынуўшыся сам на сам з фінскім брамнікам.
Славакі здавалася ўзялі гульню пад свой кантроль, але ў трэцяй дваццаціхвілінцы крыху болей чым за паўхвіліны атрымалі адразу два выдаленні і паплаціліся за другое з іх. Кіма Ціманен стрэліў па варотах Галака, а Ніклас Хагман, які своечасова апынуўся побач, скараціў перавагу Славаччыны да мінімальнай (3:2). А ўжо пасля гэтай шайбы фіны здаецца канчаткова ачунялі ад прыгаломшлівых атак саперніка. Ужо праз паўтары хвіліны Олі Ёкінен, атрымаўшы перадачу ад Ярка Рууту, знайшоў прагаліну ў абароне Галака і зраўняў лік. Дарэчы, гэтая шайба стала адзінай у матчы, што была закінутая ў роўных складах.
Толькі вось сам Ёкінен на гэтым не супыніўся. Роўна праз дзве хвіліны за рахунак індывідуальнага майстэрства фінскі нападнік з развароту патрапіў акурат паміж шчыткоў славацкага брамніка і аднавіў перавагу фінскай зборнай. Тры галы меней чым за чатыры хвіліны – гэта быў удар ад якога славакі не змаглі аправіцца.
“Уся гульня была зробленая ў трэцім перыядзе, – сказаў пасля матчу славацкі нападнік Зігмунд Палфі. – Мы атрымалі некалькі выдаленняў і ўжо потым не змаглі павярнуцца да станоўчай гульні. Гэта вельмі расчароўвае“, – дадаў славацкі ветэран.
Фінскі брамнік Міка Кіпрусоф, які літаральна адчуў смак блізкай перамогі, на апошніх хвілінах матчу дзейнічаў надзейна як ніколі. Двойчы славакі мелі колькасную перавагу за апошнія дзесяць хвілін. Але ні Рыхарду Зэдніку, ні Павалу Дзямітры ўдача не пасміхнулася. Дый наогул, фартуна ў гэтым матчы была зусім не на баку славакаў. Апошнюю кропку ў матчы паставіў Вальтэры Філпула за 11 секунд да фінальнай сірэны, патрапіўшы ў асірацелыя выроты Галака, пасля таго як той замяніўся на шостага палявога гульца.
“Мы паказалі, што маем характар, – сказаў пасля матчу Віле Пелтанен. – Мы нагадалі адзн аднаму, што мусім сплаціцца і даць станоўчы вынік. Гэта было цяжка пасля разгромнай паразы ў паўфінале, якая стала сапраўдным кашмарам, але мы змаглі гэта зрабіць“, – дадаў нападнік.
ФІНЛЯНДЫЯ – СЛАВАЧЧЫНА 5:3 (1:0, 0:3, 4:0)
28.02.2010@05:00. г. Ванкувер, “Кэнада Хокей Плэйс”. 17 322 глядача.
СУДДЗІ: Пол ДЭВОРСКІ (Канада), Брэд УОТСАН (Канада), Пётр Блумель (Чэхія), Юрый Аскірка (Расія).
СКЛАДЫ:
ФІНЛЯНДЫЯ: Міка Кіпрусоф, Ніклас Бэкстрам; Самі Сала – Кіма Ціманен, Ціму Селяне – Саку Койву (к) – Еры Лехцінен; Самі Лепіста – Ёні Пітканен, Міка Койву – Туома Рууту – Вальтэры Філпула; Лассэ Кукканен – Тоні Людман, Ніклас Хагман – Анці Міеццінен – Ніка Капанен; Віле Пелтанен – Ярка Рууту – Ярка Імманен; Яне Ніскала, Олі Ёкінен. Галоўны трэнер: Юкка ЯЛАНЕН.
СЛАВАЧЧЫНА: Яраслаў Галак, Петэр Будай; Андрэй Мезарош – Здэна Хара (к), Павал Дзямітра – Марыян Госса – Томаш Капецкі; Любамір Вішноўскі – Марцін Штрбак, Марыян Габорык – Ёзэф Штумпел – Зігмунд Палфі; Андрэй Секера – Мілан Юрчына, Міраслаў Шатан – Рыхард Зэднік – Міхал Гандзуш; Любаш Бартэчка – Марсэль Госса – Бранка Радзівоевіч; Іван Баранка, Марцін Цыбак. Галоўны трэнер: Ян ФІЛЦ.
ШАЙБЫ:
18:50 1-0 Самі САЛА (больш.);
29:56 1-1 Марыян ГАБОРЫК (Павал Дзямітра, Здэна Хара – больш.);
35:38 1-2 Марыян ГОССА (Міхал Гандзуш, Павал Дзямітра – +2 больш.);
38:45 1-3 Павал ДЗЯМІТРА (Марыян Госса – меньш.);
45:06 2-3 Ніклас ХАГМАН (Кіма Ціманен – больш.);
46:41 3-3 Олі ЁКІНЕН (Ярка Рууту);
48:41 4-3 Олі ЁКІНЕН (Ёні Пітканен, Міка Кіпрусоф – больш.);
59:49 5-3 Вальтэры ФІЛПУЛА (Кіма Ціманен – пуст. вар.).
БРАМНIКI: Міка Кіпрусоф (00:00-60:00 – 86,4 %) – Яраслаў Галак (00:00-58:33 – 87,5 %).
КIДКI: 33-22 (12-5, 9-9, 12-8).
ШТРАФЫ: 14-18 (4-2, 6-10, 4-6).
ФІНЛЯНДЫЯ: Ніклас Хагман, Віле Пелтанен, Міка Койву, Саку Койву, Лассэ Кукканен, Самі Сала, Ёні Пітканен.
СЛАВАЧЧЫНА: Бранка Радзівоевіч – 4; Зігмунд Палфі, Марыян Габорык, Мілан Юрчына, кам. штр., Марцін Цыбак, Андрэй Мезарош, Марыян Госса.
Паводле інфармацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц
ФОТА: Matthew Manor/HHOF-IIHF Images
- АЛІМПІЯДА: Першым фіналістам хакейнага турніру стала зборная ЗША
- АЛІМПІЯДА: Другім фіналістам стала зборная Канады. Славакі пазмагаюцца за "бронзу"
- ЧЭМПІЯНАТ СВЕТУ (U-18). Дзень першы - адразу з сенсацыямі
- НХЛ: "Манрэаль" перарваў пяціматчавую серыю параз перамогай над "Пітсбургам"
- НХЛ: "Бостан" перарваў серыю параз перамогай над "Манрэалям"
















Рышпект фінам! праўда я спадзяваўсы што яны вышэй будуць..
І гэта, з тэкстам “Гэта быў сапраўды гістарычны матч і па сваім статусе і па напале…” няправільна працуе ў FF 3.6. вісіць пасярод экрану, перашкаджае чытаць, і невядома як яго закрыць.
не захацела паказваць сам тэг :0) я меў на ўвазе “div з тэкстам “Гэта быў сапраўды…”
дзякуй за падказку. ужо выправілі. глюк нейкі