Бясплатны хостынг

АЛІМПІЯДА: Другім фіналістам стала зборная Канады. Славакі пазмагаюцца за “бронзу”

Апублікавана Boris Frenkel on Лют 27th, 2010 у рубрыцы ІМГНЕННЕ, АСНОЎНАЕ ЗА ДЗЕНЬ, ЗБОРНЫЯ. Вы можаце адсочваць камэнтары на публікацыю праз RSS 2.0. Камэнтары і зваротныя спасылкі зараз адключаны.

Дэн Бойл супраць Марыяна Госсы

Дэн Бойл супраць Марыяна Госсы

Калі першы з паўфіналаў стаў сапраўдным разгромам для зборнай Фінляндыі, то славакі, якіх лічылі найбольш удалым сапернікам на шляху да фіналу, далі сапраўдны бой гаспадарам турніру – зборнай Канады. Патрык Марло, Брэндан Мораў і Раян Гецлаф вывелі сваю каманду да фінальных змаганняў, перамогшы зборную Славаччыны з лікам 3-2.

Зборная Канады, якая мабыць так як ніхто іншы марыць аб золаце алімпіяды, безумоўна стане фаварытам нядзельных змаганняў. Аднак на шляху да запаветнага “золата” ў хакеістаў з краіны кляновага ліста паўстане зборная ЗША. Фінал двух паўночнаамерыканскіх сапернікаў будзе прынцыповым ня толькі з-за статусу змаганняў, але і з-за прынцыповасці процістаяння каманд Рона Ўілсана і Майка Бэбкака. Славаччына ж сёння пазмагаецца за бронзавыя медалі з камандай Фінляндыі.

Мы маем неблагія шанцы каб перамагчы заўтра, – сказаў пасля заканчэння матчу форвард зборнай Славаччыны Марыян Госса. – Проста мы мусім крыху перабудавацца і адыйсці ад вельмі жорсткай гульні, якая была сёння. Калі мы заваюем “бронзу”, гэта будзе вельмі добра“, – дадаў ён.

Калі лік у сустрэчы стаў роўным 3-0, здавалася, што вялікіх перашкод у канадцаў на шляху да перамогі ня будзе. Але ж у другой палове трэцяга перыяду славакі закінулі две шайбы і скарацілі разрыў да мінімуму. Працы ў брамніка гаспадароў турніру Раберта Люонга значна прыбавілася і вынік матчу да самай фінальнай сірэны ўжо ня быў такім відавочным.

Славакі прадэманстравалі ў гэтым матчы, што яны ёсць сапраўднай камандай. Шчыльная абарона еўрапейцаў часцяком не давала канадцам разгарнуцца і дзейнічаць на ўсёй прасторы пляцоўкі, як тыя прывыклі. Закінуць першую шайбу канадцы змаглі толькі на чатырнаццатай хвіліне сустрэчы. Пасля цэлай серыі перапасовак Шы Ўэбер кінуў па варотах, а Патрык Марло своечасова падставіў клюшку, направіўшы шайбу ўніз паміж шчыткоў Яраслава Галака. Далейшы відэапрагляд паказаў, што гульні высока ўзнятай клюшкай не было і шайба была залічана. Аналагічным чынам меней чым праз дзве хвіліны канадцы падвоілі сваю перавагу. Але ж гэтым разам наперадзе апынуўся ўжо Брэндан Мораў, які замкнуў перадачы Крыса Пронгера і Раяна Гецлафа.

Другі перыяд прайшоў у такім жа самым накірунку. Нягледзячы на дзве прапушчаныя шайбы, славакі працягвалі гуляць “у адкат”, а ў канадцаў практычна і не было галявых шанцаў, нягледзячы на частыя кідкі па варотах. Гульня ніякім чынам не нагадвала папярэдні разгром расіян, што было б цалкам зразумелым. Было відавочна, што славакі зрабілі патрэбныя высновы як са сваёй папярэдняй гульні, так і з гульні канадцаў. Адзіную шайбу ў другім перыядзе канадцы змаглі закінуць рэалізаваўшы колькасную большасць пасля аднаго з двух выдаленняў славакаў. Яраслаў Галак зблакіраваў кідок Коры Пэры, аднак Раян Гецлаф своечасова паспеў на дабіванне. А хвілінай па тому ўжо славакі мелі бадай адзіны неблагі шанец на тое, каб скараціць разрыў у ліку. Індывідуальны праход Зігмунда Палфі скончыўся нічым – кідок прыйшоўся наўпрост у шчыткі Раберта Люонга.

Размачыць канадскага брамніка славакі змаглі толькі ў другой палове трэцяга перыяду. На 52-й хвіліне першую шайбу ў адказ закінуў Любамір Вішноўскі. Яшчэ раз Люонга капітуляваў меней чым праз чатыры хвіліны. Міхал Гандзуш, атрымаўшы перадачу ад Рыхарда Зэдніка запусціў яе наўпрост над канадскім брамнікам.

Мабыць мы занадта моцна хацелі перамагчы, – сказаў пасля гульні нападнік канадцаў Брэндан Мораў. – Мы сталі рабіць памылкі, а славакі ўдала скарысталіся імі і змаглі скараціць разрыў у ліку да мінімальнага“. “Канадзе нельга даваць фору, – кажа Марыян Госса. – Гэта адна з лепшых каманд, супраць якіх мне даводзілася гуляць і гуляць сёння было вельмі няпроста“, – дадаў ён.

Зараз зборная Канады шукае магчымасцяў рэабілітавацца перад сваімі заўзятарамі за паразу ад зборнай ЗША (3:5) у папярэднім раундзе. І фінал абяцае быць вельмі цікавым, з вялікімі хуткасцямі і, магчыма, з вялікай колькасцю закінутых шайбаў. “Мы мусім быць гатовыя да той гульні, якую нам прапануюць амерыканцы, – кажа нападнік зборнай Канады Коры Пэры. – Гэта каманда, якая гуляе ў жорсткі хакей з вялікай колькасцю сілавых прыёмаў. Яны паказалі, што будуць так гуляць і далей і мы павінны ўлічваць гэта“, – дадаў ён.

Падзяляе гэтае меркаванне і іншы канадскі форвард Крыс Пронгер: “Мы атрымалі шанец пазмагацца за залатыя медалі, але гэта яшчэ ня значыць, што мы іх выйгралі. Відавочна, што зборная ЗША гуляе добра, а іхны брамнік Раян Міллер дзейнічае вельмі надзейна, – сказаў ён. – Калі мы хочам выйграць “золата”, мы мусім паказаць у нядзелю нашу лепшую гульню на турніры“, – дадаў нападнік.

КАНАДА – СЛАВАЧЧЫНА 3:2 (2:0, 1:0, 0:2)
27.02.2010@04:30. г. Ванкувер, “Кэнада Хокей Плэйс”. 17 799 глядачоў.
СУДДЗІ: Дэніс ЛАРУ (ЗША), Юры РОН (Фінляндыя), Стэфан Фанселіюс (Фінляндыя), Тор Нэльсан (ЗША).
СКЛАДЫ:
КАНАДА: Раберта Люонга, Марцін Брадо; Шы Ўэбер – Скот Нідэрмаер (к), Джэром Ігінла – Эрык Стаал – Сідні Кросбі; Данкан Кейт – Дру Даўгці, Патрык Марло – Дэні Хітлі – Джо Торнтан; Крыс Пронгер – Дэн Бойл, Джонатан Тэйвс – Майк Рычардс – Рык Нэш; Коры Пэры – Патрыс Бержэрон – Раян Гецлаф; Брэнт Сібрук, Брэндат Морраў. Галоўны трэнер: Майк БЭБКАК.
СЛАВАЧЧЫНА: Яраслаў Галак, Петэр Будай; Андрэй Мезарош – Здэна Хара (к), Павал Дзямітра – Марыян Госса – Томаш Капецкі; Любамір Вішноўскі – Марцін Штрбак, Марыян Габорык – Ёзэф Штумпел – Зігмунд Палфі; Андрэй Секера – Мілан Юрчына, Міраслаў Шатан – Рыхард Зэднік – Міхал Гандзуш; Любаш Бартэчка – Марсэль Госса – Бранка Радзівоевіч; Іван Баранка, Марцін Цыбак. Галоўны трэнер: Ян ФІЛЦ.
ШАЙБЫ:
13:30 1-0 Патрык МАРЛО (Шы Ўэбер, Скот Нідэрмаер);
15:17 2-0 Брэндан МОРАЎ (Крыс Пронгер, Раян Гецлаф);
36:54 3-0 Раян ГЕЦЛАФ (Коры Пэры, Крыс Пронгер – больш.);
51:35 3-1 Любамір ВІШНОЎСКІ (Ёзэф Штумпел);
55:07 3-2 Міхал ГАНДЗУШ (Рыхард Зэднік, Міраслаў Шатан).
БРАМНIКI: Раберта Люонга (00:00-60:00 – 90,5 %) – Яраслаў Галак (00:00-59:05 – 89,3 %).
КIДКI: 28-21 (10-4, 11-5, 7-12).
ШТРАФЫ: 2-4 (0-0, 2-4, 0-0).
КАНАДА: Дру Даўгці.
СЛАВАЧЧЫНА: Здэна Хара, Рыхард Зэднік.

Паводле інфармацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц
ФОТА: Matthew Manor/HHOF-IIHF Images

Digg This
Reddit This
Stumble Now!
Buzz This
Vote on DZone
Share on Facebook
Bookmark this on Delicious
Kick It on DotNetKicks.com
Shout it
Share on LinkedIn
Bookmark this on Technorati
Post on Twitter
Google Buzz (aka. Google Reader)

Каментаванне не дазволена

Рэклама
Рейтинг сайтов

© ІА "Сусветны хакей", 2007-2009. Усе правы абароненыя.
Перадрукоўка матэрыялаў без гіперспасылкі на http://www.hockeyby.org/ забароненая!