Калі лічыць неверагодным пачатак чвэрцьфінальнага матчу Канада – Расія, то як назваць першы перыяд сённяшняга паўфіналу ў якім зборная ЗША закінула зборнай Фінляндыі адразу ж шэсць шайбаў? Зрабіўшы за першыя 20 хвілін матчу толькі 13 кідкоў па варотах “зорна-паласатыя” фактычна знялі ўсе пытанні пра першага фіналіста алімпійскага хакейнага турніру. У нядзелю амерыканцы будуць змагацца за золата з пераможцам пары Канада – Славаччына, а фінам застанецца суцяшальны фінал – матч за бронзавыя медалі.
Матч мусіў стаць дуэллю паміж двума лепшымі брамнікамі турніру. Міка Кіпрусоф пад час мінулых матчаў алімпійскага турніру прапускаў у сярэднім па 1,33 шайбы за гульню і прадэманстраваў надзейнасць на ўзроўні 94,6%. Брамнік зборнай ЗША Раян Міллер за папярэднія матчы прапускаў у сярэднім па 1,25 шайбы за гульню, а ягоная надзейнасць склала 94,4%. Але ж дуэлі як такой не адбылося. Уладальнік “Везіна Трофі” (прыз лепшаму брамніку рэгулярнага чэмпіянату НХЛ) Міка Кіпрусоф выкінуў белы сцяг літаральна на першых жа хвілінах матчу, прапусціўшы за першыя 10 хвілін чатыры шайбы з сямі кідкоў па сваіх варотах.
Шмат хто аддаваў напярэдадні матчу перавагу амерыканскай зборнай, але ж ніхто не чакаў, што гэта будзе сапраўдным разгромам. Фіны нічога не маглі проціпаставіць саперніку і нават выніковая роўнасць па кідках (25:25) нічога не кажа пра якасць іхняй гульні ў першым з паўфінальных матчаў.
Лідэрам сярод амерыканскіх снайпераў стаў нападнік Патрык Кейн, які двойчы патрапіў у вароты зборнай Фінляндыі. Раян Мэлоўн, Зак Парызэ і Пол Шцясны запісалі на сябе па аднаму голу і адной галявой перадачы. Яшчэ адно ўзяцце варот зрабіў Эрык Джонсан, а Браян Рафалскі двойчы асісціраваў сваім партнёрам. Гол прэстыжу для зборнай Фінляндыі на 55-й хвіліне матчу закінуў нападнік Анці Міеццінен.
Шмат хто са спецыялістаў прарочыць зборнай ЗША алімпійскае “золата”, чаго не магла дабіцца ніводная амерыканская зборная з 1980 году, калі ў Лэйк-Плэйсідзе складзеная ў асноўным са студэнтаў каманда перамагла зборную СССР, што потым ахрысцілі “Цудам на лёдзе”. Лепшым вынікам за гэты час стала срэбра Солт-Лэйк-Сіці, дзе восем гадоў таму пераможцам стала зборная Канады.
У сённяшнім паўфінале фактычна маладосць узяла верх над вопытам. Зборная Фінляндыя, якая ёсць адной з найстарэйшых на турніры (сярэдні ўзрост 30,8 года), саступіла адной з самых маладых зборных (сярэдні ўзрост зборнай ЗША – 26,6 гадоў). Здаецца фіны зусім не разлічвалі на той рух і тыя хуткасці, якія прадэманструюць падапечныя Рона Ўілсана, за што ў выніку і паплаціліся.
Жудасная памылка Мікі Кіпрусофа стала вынікам першага голу ў вароты ветэрана “Калгары Флэймс”. Брамнік імкнуўся перакрыць шлях да варот Філу Кесэлю, але ў выніку пакінуў Раяна Мэлоўна сам на сам з пустымі варотамі. А выдаленне, якое неўзабаве зарабіў Яне Ніскала, каштавала фінам другой прабоіны. Усяго 23 секунда хапіла Заку Парызэ каб, атрымаўшы перадачу ад Пола Шцясны, запусціць шайбу пад папярочку. Наступнае выдаленні Тоні Людмана таксама змусіла Кіпрусофа вымаць шайбу з варот. Атрымаўшы пас з-за варот Эрык Джонсан ужо на дзевятай хвіліне давёў лік сустрэчы да зусім непрыстойных 3-0. Фіны ўзялі тайм-аут…
Што дзіўна, галоўны трэнер зборнай Суомі Юка Яланен пакінуў Кіпрусофа ў варотах, што пазней ня толькі не прынесла дывідэнтаў, а каштавала яшчэ адной шайбы. Прыкладна праз паўтары хвіліны, калі фінскі брамнік апынуўся на лёдзе, Патрык Кейн шпурнуў шайбу зваротным бокам клюшкі наўпрост над небаракай Кіпрусафым. Толькі пасля гэтай шайбы Яланен вырашыў выпусціць на лёд другога брамніка Нікласа Бэкстрама, апошнім матчам якога на турніры стала сухая перамога над зборнай Нямеччыны (5-0). Але ж гэта было ўжо надта позна…
На 13-й хвіліне матчу першая прабоіна дасталася і Бэкстраму. Патрык Кэйн, знаходзячыся ў правым коле ўкідвання, дачакаўся ўдалага моманту і, закінуўшы пятую шайбу амерыканцаў, зрабіў галявы дубль. А яшчэ праз 15 секунд “абрэзка” Самі Сала дазволіла амерыканцам выйсці “тры ў аднаго” пасля чаго Пол Шцясны закінуў шостую шайбу ў матчы.
Другі перыяд прайшоў ужо ў павольным тэмпе. Ніякія спробы фінаў перавярнуць сітуацыю на сваю карысць не дасягнулі поспеху. Раян Мілер дзейнічаў вельмі надзейна, а правакацыя з боку Ярка Рууту ў выніку каштавала толькі 12 хвілінаў штрафнога часу для фіна. 14-3 на карысць зборнай Фінляндыі па кідках у апошняй траціне матчу зноў жа ніяк не паўплывалі на канчатковы вынік матчу. Усіх намаганняў падапечных Яланена было ня толькі недастаткова, але ж яны і пачаліся ўжо занадта позна. Камфортная перавага амерыканцаў, зробленая ў першым перыядзе, дазволіла ім не траціць шмат сіл і ў павольным тэмпе давесці гульню да фінальнай сірэны.
Замена брамніка зборнай ЗША на 49 хвіліне матчу дазволіла Раяну Міллеру крыху болей адпачыць перад фінальным матчам, які цалкам верагодна пачынаць будзе менавіта ён. А вось Ціму Томасу ў адрозненне ад свайго калегі “сухім” сысці не ўдалося. На 55-й хвіліне матчу Анці Міеццінен, выкарыстаўшы колькасную перавагу, закінуў шайбу прэстыжу і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы 6-1.
Для зборнай Фінляндыі апошні раз падобная параза мела месца ў 2002 годзе на алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, калі яна з лікам 6-0 саступіла зборнай ЗША ў папярэднім раундзе. Але ж нельга параўноўваць тую паразу з сённяшняй паразай у паўфінале. Даволі розныя стаўкі і даволі розны канчатковы вынік. Але ж былі ў фінскай гісторыі і “камбэкі”, якога ня сталася сёння. Так у чвэрцьфінале чэмпіянату свету 2003 году, які праходзіў у Хельсінкі, фіны прайгравалі зборнай Швецыі 5-1, але ў выніку заваявалі перамогу з лікам 5-6.
Калі зборная Фінляндыі зможа заваяваць бронзавыя медалі, то яна стане адзінай камандай, якая змагла заваяваць тры медалі рознай вартасці з 1998 году, калі НХЛ-аўцам дазволілі браць удзел у алімпійскіх гульнях. Але ж з іншага боку гэта будзе зусім слабым суцяшэннем для ветэранаў Ціму Селяне і Еры Лехцінена, для якіх хутчэй за ўсё гэта быў апошні шанец заваяваць золата алімпіяды.
ЗША – ФІНЛЯНДЫЯ 6:1 (6:0, 0:0, 0:1)
26.02.2010@22:00. г. Ванкувер, “Кэнада Хокей Плэйс”. 17 602 глядача.
СУДДЗІ: Дэн О’Хэларан (Канада), Маркус ВІНЭРБОРГ (Швецыя), Пётр Блумель (Чэхія), Шэйн Хэйер (ЗША).
СКЛАДЫ:
ЗША: Раян Міллер, Цім Томас; Раян Сатэр – Браян Рафалскі, Зак Парызэ – Джэймі Лангенбрунэр (к) – Пол Шцясны; Цім Глісан – Эрык Джонсан, Раян Мэлоўн – Джо Павелскі – Філ Кесэль; Джэк Джонсан – Брукс Орпік, Раян Кеслер – Дасцін Браўн – Патрык Кейн; Раян Кэлахан – Дэвід Бэйкс – Бобі Раян; Раян Уітні, Крыс Друры. Галоўны трэнер: Рон УІЛСАН.
ФІНЛЯНДЫЯ: Міка Кіпрусоф, Ніклас Бэкстрам; Самі Сала – Кіма Ціманен, Ціму Селяне – Саку Койву (к) – Еры Лехцінен; Ёні Пітканен – Тоні Людман, Міка Койву – Туома Рууту – Вальтэры Філпула; Самі Лепіста – Яне Ніскала, Ніклас Хагман – Анці Міеццінен – Ніка Капанен; Віле Пелтанен – Ярка Рууту – Ярка Імманен; Лассэ Кукканен, Оллі Ёкінен. Галоўны трэнер: Юкка ЯЛАНЕН.
ШАЙБЫ:
02:04 1-0 Раян МЭЛОЎН;
06:22 2-0 Зак ПАРЫЗЭ (Пол Шцясны, Браян Рафалскі – больш.);
08:36 3-0 Эрык ДЖОНСАН (Джо Павелскі, Раян Мэлоўн – больш.);
10:08 4-0 Патрык КЕЙН;
12:31 5-0 Патрык КЕЙН (Браян Рафалскі);
12:46 6-0 Пол ШЦЯСНЫ (Джэймі Лангенбрунэр, Зак Парызэ);
54:46 6-1 Анці МІЕЦЦІНЕН (Самі Лепіста – больш.).
БРАМНIКI: Раян Міллер (00:00-48:29 – 100,0 %), Цім Томас (48:29-60:00 – 85,7 %) – Міка Кіпрусоф (00:00-10:08 – 42,9 %), Ніклас Бэкстрам (10:08-60:00 – 88,9 %).
КIДКI: 22-11 (13-4, 9-7, 3-14).
ШТРАФЫ: 6-20 (2-4, 0-12, 4-4).
ЗША: Браян Рафалскі, Раян Мэлоўн, Эрык Джонсан.
ФІНЛЯНДЫЯ: Ярка Рууту – 12; Яне Ніскала, Тоні Людман, Ніклас Бэкстрам, Самі Лепіста.
Паводле інфармацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц
ФОТА: Matthew Manor/HHOF-IIHF Images















Ого! Во гэта справаздача)