Сваю чатырохматчавую хатнюю серыю “Нёман” завяршаў паядынкам з лідэрам сезона – “Юнацтвам”. Многія чакалі, што пасля гульняў з “Дынама-Юнiёрс”, “Металургсам” і “Хімвалакном”» у актыве гарадзенцаў будзе 9 балаў і камфортнае становішча ў табліцы. Але лёс распарадзіўся інакш і пасля двух невыразных гульняў за вынiк справаздачнага паядынку было трывожна, бо “Юнацтва” ў любым стане ўяўляе грозную сілу.
Матчы з мінчанамі ў Гродна заўсёды праходзяць ўпарта і цікава. У мінулым сезоне “Юнацтва” двойчы перамагло з розніцай у адну шайбу, прычым у другім выпадку справа дайшла да булітаў. На такога саперніка “Нёман” у апошнiя часы заўсёды настройваецца па асабліваму. Іншая справа, што напярэдадні справаздачнага паядынку гаспадары адчувалі вялікія псіхалагічныя праблемы, бо апошнія гульні лідэры каманды правялі невыразна. Да таго ж пакінуў клуб адзін з вядучых нападнікаў гарадзенцаў Андрэй Шэвялёў, без якога гульня ў атацы зусім перастала ладзіцца. Ну а пра брамніцкія праблемы ў апошнi час сярод заўзятараў не казаў мабыць толькі лянівы.
Першы пазітыўны момант для гледачоў на трыбунах адбыўся яшчэ да стартавага укідвання, калі суддзя-інфарматар агучыў прозвішча новага галкіпера каманды. Андрэй Цароў быў сустрэты бурнымі авацыямі. І гэта відавочна, бо менавіта з ім звязаны надзеі кіраўніцтва і балельшчыкаў “Нёмана” на астатнюю частку сезону. Тым больш што іншыя брамнікі праявілі сябе на працягу рэгулярнага сезону не вельмі пераканаўча.
На пачатку сустрэчы сапернікі не фарсіравалі падзеі на лёдзе, мабыць баючыся зрабіць памылку. Роўны ход матчу ўзрушыў нечаканы гол Бондарава, які няхітрым кiдком пры розыгрышы большасці застаў знянацку галкіпера менчукоў Сяргея Шабанава. Нягледзячы на адставанне ў лику, “Юнацтва” не прадпрымала якіх-небудзь звышвысілкаў для аднаўлення “статус-кво”, аднак у некаторых выпадках Царову ўсё ж прыйшлося ратаваць сваю новую каманду. Бліжэй да канца перыяду “Нёман” зноў дамогся поспеху – прэсінг у зоне саперніка вымусіў аднаго з абаронцаў “Юнацтва” выкласці шайбу наўпрост на клюшку Алегу Малашкевічу, які з другой спробы ўсё ж прымусіў балельшчыкаў паўторна ўскочыць са сваіх месцаў, а глаўкама гасцей Міхаіла Захарава – у чарговы раз пажурыць сваіх гульцоў.
Здавалася, у другім перыядзе фаварыт возьме ніці гульні ў свае рукі і ўзмацніць ціск. Аднак гэтага не адбылося. “Юнацтва” ў другой траціне матчу атакавала крыху часцей, чым у першай, але галявых момантаў ля варот галкіпера гаспадароў было зусім няшмат. А “Нёман”, узяўшы на ўзбраенне контратакуючую тактыку, зноў выкарыстаў пралік гасцей пры гульні ў абароне. Мікіта Рэмезаў замкнуў сімпатычную троххадоўку з удзелам Канстанціна Міхайлава і Івана Мядзеля. Пасля гэтага цярпенне трэнерскага штаба “Юнацтва”, мабыць, дасягнула апагею, у выніку чаго Шабанаў саступіў сваё месца ў варотах юнаму Віталю Бялінскаму. Як высветлілася пазней, гэта быў адзін з ключавых момантаў у матчы. Малады галкіпер ў астатні час другога перыяду некалькі разоў спыняў гаспадароў, што паспелі злавіць кураж. І, напэўна, калі б разрыў у ліку дасягнуў чатырох шайб – фаварыт не змог бы вярнуцца ў гульню…
Да вяшчага расчаравання балельшчыкаў, у трэцім перыядзе “Юнацтва”, нарэшце, пачало па-сапраўднаму ціснуць на вароты Царова. Спачатку гаспадары неяк яшчэ спраўляліся з актыўнымі нападнікамі гасцей і стараліся вытрымліваць тактыку контратак, але стомленасць і, як следства, страта канцэнтрацыі прывялі да таго, што на працягу 7 хвілін трэцяй дваццаціхвілінцы лiк зраўняўся. Спачатку Алег Цімчанка забіў даволi тыповы для “Юнацтва” гол – у штурханіне каля варот ён схiтрыўся кiнуць шайбу паміж шчыткоў Царова. Затым госці рэалізавалі большасць намаганнямі Аляксандра Мацярухiна, але найбольш эфектнай атрымалася трэцяя шайба менчукоў. Усё той жа Мацярухiн атрымаў класны пас ад Яноўскага наўпрост перад варотамі і па-майстэрску падняў шайбу вышэй пакладзенага на лёд галкіпера. Гэты адрэзак матчу надаў упэўненасці гасцям і ў тыя сем з паловай хвілін, што засталіся, яны маглі давесці матч да перамогі ў асноўны час. Зрэшты, “Неман” здолеў стрымаць ўдар і па ўсёй пляцоўцы навязаць саперніку барацьбу, у якой асабліва вылучаўся абаронца Алег Благi. Некалькі разоў ён эфектна прымяняў сілавыя прыёмы. На гэтых супярэчлівых эмоцыях каманды дагулялi да авертайму.
Дадатковы перыяд “Юнацтва” правяло актыўней за гаспадароў, аднак усё магло скласціся інакш, калі б гульцы “Немана” пакаралі за нястрымленасць Аляксандра Бараўкова. Форвард менчукоў на працягу ўсёй сустрэчы быў залішне эмацыянальны, што на 63-й хвіліне гульні трансфармавалася ў наўмысную грубасць і выдаленне да канца сустрэчы. Зрэшты, часу і сіл на добры кідок у гарадзенцаў не засталося. Ну а булiтная латарэя аказалася ўдалай для фаварыта, які рэалізаваў два з трох штрафных кiдкоў. Нягледзячы на вельмі крыўдную паразу, гарадзенская публіка зноў, як і большасць разоў у гэтым сезоне, праводзіла сваiх улюбёнцаў у распранальню авацыямі. Няхай у гэтай каманды няма моцных майстроў, але ў яе ёсць характар і імкненне змагацца да апошняга, гуляць праз “не магу”. А гэта ў цяперашняй сітуацыі, мабыць, больш важна, чым самы станоўчы вынік на табло.
Дзяніс КАЛІНОЎСКІ
ФОТА: Grodno.biz















