У гульні з адным іх прэтэндэнтаў на тое, каб патрапіць ў плэй-оф, “Ліепаяс Металургс” атрымаў валявую перамогу, тым самым яшчэ больш наблізіўшыся да запаветнай васьмёркі, а да таго ж яшчэ і атрымаў першую перамогу над “Віцебскам” за апошнія два сезоны.
Гульня абяцала быць вельмі цікавай. І гэта пры тым, што ліепайчане ў папярэднім матчы паказалі выдатную гульню і яшчэ больш наблізіліся да запаветнай мары – восьмага месца па выніках рэгулярнага чэмпіянату. Гульня пачалася вельмі актыўна і абедзве каманды маглі забіць хуткі гол. “Металургі” больш валодалі шайбай, гаспадарылі ў зоне гасцей, але вельмі часта госці арганізоўвалі небяспечныя контратакі. Праз пяць хвілін з пачатку матчу ліепайчане атрымалі колькасную перавагу, але нават маючы на два палявых гульца болей не маглі сур’ёзна пагражаць варотам Шыбанава. Быў эпізод, калі гледачы і гульцы ўскочылі з месцаў і ўзнялі клюшкі адпаведна, але чырвоная лямпачка за варотамі не загарэлася і судзьдзя без дапамогі відэапрагляду вызначыў, што гола не было. “Металургі” дамінавалі на ўсіх участках поля, аднак першы гол забілі усё ж такі госці. Арцём Вострыкаў на здзіўленне лёгка праехаў паміж абаронцамі, паўстаў перад Жабацінскім і халаднакроўна прабіў па варотах. Пасля гэтага ў Скварцова была выдатная магчымасць зраўняць лік, але з метра ён трапіў у брамніка. Госці перыяд даігрывалі на ўтрыманне ліку і атакаваць не спяшаліся.
У другім перыядзе віцеблянам спатрэбілася меней за хвіліну, каб падвоіць перавагу. Вентс Фелдманіс, выйшаўшы з лавы штрафнікоў, убачыў, як забіваюць гол ў вароты ягонай каманды. Прайшло ўсяго пяць хвілін, як госці атрымалі перавагу пяць на тры, якая і была неадкладна рэалізаваная. Што цікава, галы і перадачы рэалізоўвалі адны і тыя ж асобы – Арцём Вострыкаў, Васіль Паланіцкі, Аляксей Ерашоў. Прайграваць з розніцай у тры шайбы – вельмі невясёлая справа, аднак каманда гаспадароў не збіралася апускаць рукі. Ліепайчане сабралася з сіламі і за апошнія дзве з паловай хвіліны вынік зноў стаў нічыйным. Кнікст, Брахманіс і Озалс забілі па голу. Прычым апошні гол быў забіты за тры секунды да канца перыяду. Цяпер галаўны боль з’явіўся ў трэнера “Віцебска”. Гледачы, якія да гэтага ўжо паспелі засумаваць, акрыялі і падтрымка стала яшчэ мацнейшай. Галасы заўзятараў і барабан адгэтуль не суціхалі ні на хвіліну.
Трэці перыяд пачаўся з таго, што госці паспрабавалі вярнуць нядаўняе лідэрства. Здавалася, што шайба вось вось і заляціць у вароты Жабацінскага, але ўсе спробы гасцей скончыліся нічым. Больш за тое, атрымаўшы колькасную перавагу, “металургі” выйшлі наперад, дзякуючы прыгожаму голу Эдуарда Іванова, які кідком ад сіняй лініі трапіў дакладна пад перакладзіну над галавой Шыбанава. Як пасля выявілася, гэты гол стаў пераможным. “Віцебск” спрабаваў усімі сіламі зраўняць лік, але сіл і часу ў гасцей больш не было. Брахманіс, перахапіў шайбу, ледзь не выйшаў адзін у нуль, але той, каму была адрасаваная перадача, у апошні момант выбіў яе, лежачы на лёдзе.
Сапраўдны спектакль быў на апошніх секундах, калі Шыбанава замянілі на шостага палявога гульца і ўкідванне было ля варот гаспадароў. Суддзя хвіліну тлумачыў гульцам, што нельга перасякаць уяўную лінію адносна пункту укідвання. Шайба некаторы час была перад варотамі ліепайчан і яе адны спрабавалі прапіхнуць у вароты, іншыя ж наадварот не жадалі гэтага. Канец гэтай звалцы паклала толькі фінальная сірэна.
Максім КАМАРОЎ
ФОТА: Айгарс ПРУСІС













