Магілёўскае “Хімвалакно” на мажорнай ноце завяршыла год, перамогшы “Брэст” з разгромным лікам 6:2. Два галы берасцейцы змаглі закінуць толькі тады, калі непрабіўную скалу Леаніда Грышукевіча змяніў у варотах малады Котаў. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Хімвалакна” Сяргей Усанаў распавёў пра тое, што яму спадабалася гульня, а таксама павіншаваў усіх магілёўскіх заўзятараў з надыходзячымі святамі.
“Каманда саперніка выглядала сёння вельмі прыстойна. Былі добрыя хуткасці. Спадабалася, што ішлі ў адзінаборствы, ўжываючы сілавыя прыёмы і не глядзелі на тое, хто там наперадзе. У сваёй камандзе спадабалася камбінацыйная гульня, якая таксама ішла на добрых хуткасцях, але былі і адрэзкі ў якіх некаторыя гульцы выпадалі. У саперніка былі моманты, але два галы – тактычная памылка маладых гульцоў, якія пры звароце назад глядзяць на тых у каго шайба, а не шукаюць тых сапернікаў, якія набягаюць“, – сказаў пасля заканчэння матчу галоўны трэнер магілёўскай каманды Сяргей Усанаў.













