Сірэна пасля трэцяга перыяду апавясціла пра нічыйны зыход супрацьстаяння мясцовага, дакладней менскага “Шахцёра” і клуба з немудрагелістай назвай ХК “Гомель”. Чацвёркі каманд ужо на лёдзе, укідванне. А электроннае табло працягвае “маўчаць”, нібы пацвярджае нічыйнасць выніку. Апамятаўся адказны за пульт адносна хутка. Хвіліна і каманды гатовыя працягнуць супрацьстаянне. Неспадзяванка, але як-ніяк першы авертайм у Салігорску – гэтае дзеянне ў рамках АЧРБ горад яшчэ не бачыў. Але забягаючы наперад, убачылі яшчэ і пасляматчавыя булiты – поўны азнаямленчы набор для яшчэ непадрыхтаванай для хакея публікі.
Толькі вось не жадае неяк мясцовы люд падтрымліваць каманду – на трыбунах глуха. Так, часам ускалыхнецца голаснымі выкрыкамі нешматлікая купка салігорскага супарта, але гэта ўсё ня тое. Як трэба заўзяць, у прынцыпе паказалі гомельскія заўзятары, што прыехалі падтрымаць сваю каманду. Хоць і было іх не сотня, а ўсяго чалавек дзесяць, але ж падтрымка была, як бы гэта сказаць – правільная. Своечасова падтрымлівалі каманду пры гульні ў меншасці, гналі ў напад пры колькаснай перавазе, жадалі “доціску” ў фіналі… Можа гэта ўсё і прыйдзе ў горад шахцёраў, але пакуль гэта не наша каманда. Гэта – каманда менскага “Дынама”. Прычым атрыбутыка мінчукоў маецца ў продажы ў не меншым асартыменце. Горад хочуць прымусіць кахаць “Шахцёр” і “Дынама” адначасова.
Сам матч падарыў шмат станоўчых эмоцый для аматараў хакея. Ужо з самага пачатку быў бачны настрой на гульню, абедзве каманды выйшлі перамагаць. На 10-й хвіліне матчу і нарадзіўся першы запораты галявы момант: Аляксандр Кулакоў пранёсся па фланзе і даў дзівосную па дакладнасці перадачу Яўгену Кавыршіну, кідок рушыў услед адразу ж. Але брамнік гасцей Дзмітрый Карпікаў не тое што не схібіў, ён згуляў выдатна. “Гомель” адказаў праходам Агароднікова. Сяргей ужо прадчуваў рандэву з Аляксеям Геравым, але Шведаў сапсаваў “спатканне”: клюшка-разлучніца не пусціла ў панскія пакоі. На 15-ай хвіліне зноў каманды абмяняліся ўколамі, але калі стрэл Максіма Балмачных кіпер госцяў адбіў, то ў абаротцы, якая рушыла ўслед, Гераў нічога не змог зрабіць супраць кідку Элвіса Жэлубоўскiса. Госці не кінулі атакаваць, а яшчэ болей ўзнялі тэмп. Калі выбаўляў брамнік, а часам шайба свістала ў лічаных сантыметрах ад рамкі варот. А на апошняй хвіліне перыяду собіла выдаліцца Уладзіміру Магдзееву і кошт выдалення апынуўся надта высокім. “Шахцёр” ужо напачатку другога перыяду зраўняў лік. Кулакоў проста, але дзейсна кінуў у верхні кут варот.
Да сярэдзіны перыяду “чорны крумкач” кружыўся на палове “Гомелю”. Салігорск дзве хвіліны поўнай пяцёркай гуляў супраць траіх гамяльчан. Забіць не змаглі – “крумкач” паляцеў, але абяцаў вярнуцца. На пятай хвіліне трэцяга перыяду Ілля Камбовiч тэхнічна завяршыў старанні Кулакова і Міхайлава ў адрыве і Карпiкаў быў абгуляны самым нахабным чынам: шайба спакойна запаўзла ў вароты. Праз невялікі прамежак часу Кулакоў меў шанец дабіць госцяў, але не змог рэалізаваць выйсце сам-насам з брамнікам. Кiпер быў на вышыні. Затое на 49-ай хвіліне ўжо “Гомель” паказаў майстар-клас. Усяго 6 секунд спатрэбілася камандзе, каб рэалізаваць большасць. Але гойдалка працягвала свой шлях. На 52-ой хвіліне ўжо “гарнякі” выкарысталі перавагу ў аднаго гульца. Ніхто не змог перашкодзіць Паўлу Развадоўскаму прабіць метраў з чатырох. Госці адыграліся за дзве хвіліны да сірэны. Ізноў большасць, ізноў удала. Уладзімір Копаць дакладна адпраўляе шайбу ў пусты кут варот.
Нядрэнны момант у фіналі сустрэчы меў Віктар Андрушчанка. Знаходзячыся каля трох гамяльчан, развярнуўся і кінуў, палёту шайбы не хапіла дакладнасці, а Андрушчанцы не хапіла поспеху. Таксама на нешанцаванне можа панаракаць і Андрэй Фiлiчкiн. Ужо на апошняй хвіліне дададзенага перыяду ён так удала выскачыў з лаўкі штрафникоў, што апынуўся адзін перад Геровым, але прабіць кiпера не змог, занадта просталінейна завяршаў напад.
Серыя ж булiтаў працягнула аксіёму пра нічыю. Спачатку чатыры загубленых спробы, потым удала згулялі Кавыршин ды Агароднікаў. Рушыла ўслед аж сем запар загубленых спроб пакуль не выйшаў Развадоўскi. Гэта была ягоная другая спроба і апошняя.
Валерый ШЧЭРБІЧ
ФОТА: Міхаіл ДАЙЛІД














