Сенсацыйна саступіўшы напярэдадні “Брэсту”, ў хатнім матчы супраць магілёўскага “Хімвалакна” салігорскі “Шахцёр” зазнаў яшчэ адну паразу (1:2). Прычынай параз сваёй каманды Уладзімір Сафонаў назваў змену выканаўцаў у нападзе, што прывяло да памяньшэння рэалізацыі большасці і адсутнасці патрэбнай вастрыні.
“Увогуле разбурыліся два звяна і пакуль мы не можам знайсці аптымальныя спалучэнні, якія б давалі вынік. Менавіта гульня нападам у нас была нядрэнна пастаўлена, а цяпер няма ў нападзе той вастрыні і няма рэалізацыі большасці. Думаю на гэта трэба час, нават з прыходам фіна Юсі Макканена. Адна пакуль была трэніроўка, адна гульня, не хапіла часу, каб прыцерціся ў гэтых спалучэннях. У абароне хлопцы, адпрацоўваюць дысцыплінавана, імкнуцца. Але забіваючы адну шайбу, выйграць даволі складана. Усё-ткі ў нашай камандзе павінен быць мацнейшы напад“, – сказаў Уладзімір Сафонаў.
Адказваючы на пытанні журналістаў галоўны трэнер “Шахцёра” супыніўся на траўмах, падкасіўшых некаторых гульцоў каманды:
“Траўмаваныя Окса і Шагаў. Першы праводзіць абследаванне, другі, думаю, да наступнай гульні ці праз гульню адновіцца. Пытанне ж па Оксе яшчэ адкрытае. Іншае пытанне – агульны недахоп гульцоў. Гульня ў тры звяна – гэта вельмі адбіваецца на камандзе. Гульцы не аднаўляюцца, дзесьці сілачак бракуе. Хлопцы аддаюцца, а слова майстэрства гэта – зусім іншае. Я ўдзячны хлопцам, што яны працуюць і цалкам аддаюцца. Адразу ўсё не прыходзіць… Руйнуецца ўсё лёгка, а ствараецца цяжка“, – сказаў галоўны трэнер “Шахцёра”.














