Бясплатны хостынг

Размова “за жыццё” з кіраўніцтвам клубу

Апублікавана hockeyby.org on Ліс 21st, 2009 у рубрыцы ДУМКІ ЎСЛЫХ. Вы можаце адсочваць камэнтары на публікацыю праз RSS 2.0. Камэнтары і зваротныя спасылкі зараз адключаны.

PICT0034-119 лістапада ў музеі ХК «Гомель» па ініцыятыве клуба адбылася сустрэча з заўзятарамі. Тэмай сустрэчы першапачаткова было абрана рашэнне пытанняў, звязаных з паляпшэннем арганізацыі правядзення хатніх матчаў нашай каманды. Аднак па ходзе сустрэчы закраналіся і пытанні якія толькі ўскосна адносяцца да заяўленай тэмы.

Пачынаючы сустрэчу, дырэктар ХК «Гомель» Ігар Пятровіч Малчанаў адразу ж адзначыў працу неафіцыйнага сайта клуба: «Раней я ставіўся з раздражненнем да гэтага сайта. Шматлікія прэтэнзіі ў адрас нашага клуба часта не падмацоўваліся ніякімі фактамі. На шчасце ўвесь гэты негатыў застаўся ў мінулым. Цяпер мне вельмі імпануе ваша жаданне развіваць дадзены праект», – сказаў дырэктар клуба, звяртаючыся да прадстаўнікоў сайту.

Падчас гутаркі зноў усплыло пытанне ўзаемаадносін лёдавага палаца і хакейнага клуба. Так ужо склалася, што гэтая каляхакейная тэма – адна з тых, якія актыўна абмяркоўваюцца ў гомельскім заўзятарскім асяроддзі. Па словах кіраўніка, клуб ужо працяглы час ніяк не можа знайсці кропкі судотыку з кіраўніцтвам лёдавага палаца і ў прыватнасці з яго дырэктарам Ігарам Пятровічам Вараб’ёвым. Даводзіцца проста біцца аю бетонную сцяну неразумення з боку кіраўніцтва ўсё таго ж лёдавага палаца: «Спроба арганізаваць продаж хакейнай атрыбутыкі на тэрыторыі лёдавага палаца падчас правядзення матчаў абярнулася няўдачай», – сказаў Ігар Малчанаў. – «Тую суму, якую запрасіла кіраўніцтва лёдавага палаца за арэнду гандлёвага месца, а гэта – 2,5 млн рублёў, мы проста не можам ім даць. Гэта – занадта! А яшчэ трэба заплаціць хоць бы элементарную заработную плату прадаўцу і ў выніку мы застанемся ў страце. Эканамічнай выгады ніякай! Вось футбольны клуб выляцеў з вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. Хоць літаральна перад сезонам на іх стадыёне ўсталявалі новае велізарнае табло. І чаму б пасля гэтага яго не павесіць у лёдавым палацы? Аднак ізноў-такі нашы просьбы засталіся толькі просьбамі, ніхто пераносам табло займацца не жадае!» Датычна арганізацыі так званага светлавога шоў перад пачаткам матчаў, а дакладней выйсця стартавых пяцёрак на пляцоўку пры святле пражэктараў, я скажу наступнае. Не ўсё так проста… Каб аднавіць асвятленне на пляцоўцы спатрэбіцца, прынамсі, пятнаццаць хвілін. Менавіта столькі часу трэба для напальвання лямпаў. Трэба адмысловае абсталяванне, якое паскорыць перыяд напальвання», – растлумачыў Ігар Пятровіч. – «Аднак выйсце са мноства праблем ёсць. Нам патрэбна гэтакая піраміда: хакейны клуб – лёдавы палац – ДЮСШ. З яе з’яўленнем вырашаць шматлікія пытанні стане значна лягчэй», – дадаў ён.

Наступная тэма, прапанаваная для гутаркі, магчымая стала для шматлікіх нечаканасцю. Пра тое, што «Гомель» можа пачаць выступ ў КХЛ, у мінулым сезоне не казаў толькі гультаяваты. Зрэшты, пасля вядомых выказванняў старшыні ФХРБ Уладзіміра Наумова, здавалася, што гэта ідэя пахавана калі не назаўжды, то прынамсі на даволі працяглы тэрмін. Аднак па словах Ігара Малчанава, клуб ад гэтай ідэі не адмовіўся: «Для ажыццяўлення мары аднаго жадання мала. Першае патрабаванне – гэта наяўнасць арэны з ёмістасцю трыбун ня меней як 5500 гледачоў. Аднак і тут я не знайшоў разумення: «А навошта гэта нам трэба? А хіба будуць трыбуны напаўняцца?» Не, але выгады ж відавочныя! Аэрапорт на гэтым заробіць? Заробіць! Гасцініцы заробяць? Заробяць! Продаж рознай хакейнай атрыбутыкі – бо ўсё гэта грошы і ў гарадскі бюджэт у тым ліку! Нам хацелася б, каб новы мэр, азнаёміўшыся з сітуацыяй, усёткі падтрымаў нашу ідэю ўступа ў наймацнейшую лігу Еўропы», – заявіў Ігар Пятровіч.

Выказаў дырэктар і словы падзякі гомельскім заўзятарам за падтрымку каманды. Як выявілася, каманда Экстралиги не мела падтрымкі сваіх заўзятараў усяго на двух выязных матчах з ліку тых, што праходзілі на тэрыторыі Беларусі. «Дзякуй вялікі заўзятарам за падтрымку! І тое, што наша арэна была прызнана лепшай арэнай Беларусі па выніках мінулага сезону – гэта ваша заслуга!», – сказаў Ігар Малчанаў. – «Каб неяк паспрыяць вашаму перасоўванню па гарадах з мэтай падтрымкі каманды падчас выязных матчаў, скажу: пасля таго, як клуб набудзе новы аўтобус для галоўнай каманды, заўзятарам на выязныя матчы будзе надавацца стары аўтобус» – дадаў дырэктар клуба.

Зрэшты не абышлося і без часткі крытыкі. Ігар Пятровіч падверг шмат у чым справядлівай крытыцы дзяўчын з групы падтрымкі. Не будзем тут раскрываць усю сутнасць сказанага – у апошнія дні на інтэрнэт-форумах і так хапала рэзкіх выказванняў з гэтай нагоды. Аднак сутнасць выказанага можна звесці да наступнага: дзяўчыны, вам ёсць яшчэ да чаго імкнуцца! І гэта яшчэ вельмі мякка сказана. У сувязі з гэтым даволі дзіўна чуць прэтэнзіі з вуснаў прадстаўніц «чырлідэраў» на адрас дзі-джэя, які адказвае за музычнае афармленне ў лёдавым палацы. Ізноў паўторымся, у рамках гэтага артыкула проста няма магчымасці перадаваць усю сутнасць узаемных паліванняў адно-аднаго вядомай субстанцыяй. І ў гэтай сітуацыі простаму заўзятару хацелася б каб усе праблемы вырашаліся разам і знаходзіўся нейкі кампраміс паміж дзяўчынамі з групы падтрымкі, іх харэографам і дзі-джэем.

І вядома ж напрыканцы сустрэчы не магло не паўстаць пытанне пра плакаты і банары, якія ўпрыгожвалі парапеты Гомельскага лёдавага палаца ў матчы супраць менскага «Юнацтва» 29 кастрычніка. Практычна ўсе элементы «навочнай агітацыі» зніклі са сваіх месцаў нейкім невядомым чынам ужо па заканчэнні першага перыяду. Пошукі плакатаў і добра вядомага банара «Добро пожаловать в ад!», як і спробы вярнуць іх былі безвыніковымі. У пошуках праўды ініцыятыўная група заўзятараў падала заяву ў міліцыю, у якой прасіла вярнуць ёй «прылады» заўзятарскай працы. Часткова плакаты ўсё ж атрымалася вярнуць… Складана сказаць якія наступствы будзе мець гэты эпізод для ўсіх бакоў канфлікту. Дадамо толькі, што напрыканцы сустрэчы было выказана пажаданне пазбягаць у далейшым падобных інцыдэнтаў, а пры немагчымасці – шукаць выйсця мірным шляхам.

Сяргей КУЛЫБА (hockeyby.org)
Дзяніс КУЛІК (hcgomel.com
)
ФОТА: Прэс-служба ХК “Гомель”

Digg This
Reddit This
Stumble Now!
Buzz This
Vote on DZone
Share on Facebook
Bookmark this on Delicious
Kick It on DotNetKicks.com
Shout it
Share on LinkedIn
Bookmark this on Technorati
Post on Twitter
Google Buzz (aka. Google Reader)

Каментаванне не дазволена

Рэклама
Рейтинг сайтов

© ІА "Сусветны хакей", 2007-2009. Усе правы абароненыя.
Перадрукоўка матэрыялаў без гіперспасылкі на http://www.hockeyby.org/ забароненая!