У гэтым сезоне “Ліепаяс Металургс” першы раз прымае госцяў з Украіны – сталічны “Сокал”. У Кіеве цяперашнія госці атрымалі перамогу з мінімальнай розніцай, але ў паўфінале Кантынентальнага Кубка, які летась праходзіў у Ліепаі, перамогу атрымалі ліепайчане з лікам 3-1. Аднак абедзве каманды па выніках таго паўфіналу выляцелі з розыгрышу Кубка.
Абедзве каманды пачалі сустрэчу практычна аднолькава, але невялікая перавага была на боку госцяў. Гаспадары за першую пяціхвілінку паспелі двойчы парушыць правілы і адно з выдаленняў апынулася фатальным. Валянцін Алецкі зрабіў небяспечны кідок, але Дзмітрый Жабацінскі адбіў шайбу наўпрост перад сабой. Першым да яе падаспеў Віталь Літвіненка, кідок якога быў ужо больш дакладным. “Металургі” пасля прапушчанай шайбы здолелі зраўняць лік, але “Сокалу” гэта не спадабалася і госці пачалі штораз атакаваць. Ніхто і не заўважыў, у які з момантаў Жабацінскі атрымаў траўму. Пад час чарговай паўзы брамнік дабраўся да лаўкі запасных і прайшоў у распранальню. Ізноў і зноў кіяўляне атакуюць, але пакуль што безвынікова. Да канца першага перыяду на табло нічыя.
Другі перыяд таксама пачаўся з выдалення ў складзе гаспадароў. І зноў гэта быў Вентс Фелдманіс. Здаецца, не можа ён сёння без парушэнняў! І зноў выдаленне апынулася фатальным для ліепайскай каманды: тыя ж самыя асобы, што забілі першы гол гэтага матчу, у другі раз вывелі каманду наперад. Але нядоўга захоўвалася лідэрства “сокалаў”. Дэбютант каманды Міхаіл Коклін дамогся нічыйнага выніку. Пасля найцяжкай паразы ад “Гомеля” ліепайчане зайгралі так, як не гулялі ніколі ва ўсялякім разе ў гэтым месяцы. У адным з эпізодаў Ігар Карпенка распластаўся на лёдзе і шайба цудам не апынулася ў варотах – абаронцы сцяной сталі на абарону варот. У меншасці “металургі” нават арганізавалі напад, але абаронца не даў гульцу патрапіць у вароты. Пры гульні “тры ў пяць” “Сокал” упэўнена рэалізаваў большасць, пры ўліку таго, што Озалс знаходзіўся на лёду без клюшкі. Да гэтага моманту ўлучна ўсе галы былі забітыя ў большасці.
У трэцім перыядзе пачатак быў зусім іншым. “Сакаляты” парушылі правілы, за што быў прызначаны буліт. Штрафны кідок паспяхова рэалізаваў Эдзій Брахманіс, які толькі нядаўна вярнуўся ў родную каманду. Але не паспелі аціхнуць авацыі ад добра выкананага кідка, як і у вароты гаспадароў быў прызначаны зваротны булит. І гэты штрафны кідок таксама быў рэалізаваны. Цікава, што гэтым разам парушыў правілы як раз Брахманис, які некалькі хвілінаў таму рэалізаваў штрафны кідок у вароты гасцей. Але на гэтым лепшы бамбардзір мінулага сезону не супакоіўся і забіў праз некаторы час гол з гульні. У чацвёрты раз ліепайчане за сённяшнюю гульню зраўнялі лік.
У авертайме абедзве каманды мелі выдатныя магчымасці для ўзяцця варот, але ў выніку справа дайшла да такіх улюбёных гледачамі булітаў. У складзе гаспадароў Уладзімір Мамонаў і Вентс Фелдманіс рэалізавалі свае спробы, у гасцей жа паспяховай не была ніводная са спробаў. У выніку “металургі” атрымліваюць трэцюю перамогу па булітах.
Максім КАМАРОЎ
ФОТА: tribine.lv













