Бясплатны хостынг

АЧРБ: Гомель – Юнацтва (агляд матчу)

Апублікавана Сяргей Кулыба on Кас 31st, 2009 у рубрыцы БЕЛАРУСЬ, ТОП-НАВІНА. Вы можаце адсочваць камэнтары на публікацыю праз RSS 2.0. Камэнтары і зваротныя спасылкі зараз адключаны.

"Гомель" - "Юнацтва"“El Classico”! Менавіта так, на іспанскі лад, у апошні час можна называць супрацьстаянні “Гомеля” і “Юнацтва”. Матчы паміж гэтымі камандамі вызначаюцца жорсткай бескампраміснай  барацьбой, а трыбуны не змаўкаюць ні на секунду, падтрымліваючы сваіх улюбёнцаў. Гэты матч не стаў выключэннем. Пікантнасці дадавала і ўсім вядомая сітуацыя з дыскваліфікацыяй арэны ў Магілёве. Ведаючы пра выдатныя адносіны магілёўскіх і гомельскіх заўзятараў, можна было і не сумнявацца – гамяльчане проста так гэтага не пакінуць і “адпомсцяць” за сяброў. Мора розных плакатаў, банэры, таблічкі з надпісамі роднага клуба – усё гэта ўпрыгожвала трыбуны гомельскага лёдавага палаца ў чацвер увечары, гледачы былі ў прадчуванні свята і іх надзеям наканавана было спраўдзіцца.

Ужо з першых хвілін матчу на пляцоўцы разгарнулася сапраўдная барацьба, справа за малым не даходзіла да бойкі. Актыўнасць сапернікаў была бачна і ў варот абодвух галкіпераў, следствам чаму, стартавыя нулі на табло гарэлі не доўга. Дзяніс Качаткоў, пасля сольнага праходу  практычна праз усю пляцоўку, магутным кісцевым кідком з сярэдняй дыстанцыі змусіў капітуляваць Сяргея Шабанава – 1:0. Напруга ў матчы расла з кожнай хвілінай. Часам у гульцоў здавалі нават нервы. А чым яшчэ можна растлумачыць два запар выдаленні ў складзе “Юнацтва” на працягу 33 секунд з адной і той жа фармулёўкай: “Затрымка гульні”? Карыстаючыся выпадкам, гамяльчане яшчэ да першага перапынку давялі лік да разгромнага. Спачатку Аляксандр Жыдкіх, праехаўшы за варотамі, “па – баброўскі” адправіў шайбу ў вароты госцяў, а ўжо літаральна праз дзве хвіліны вызначыўся Цімафей Філін, скарыстаўшыся перадачай свайго малодшага брата – Ягора.

Наіўна было меркаваць, што гульцы “Юнацтва” складуць рукі і стануць дагульваць матч. Ведаючы ўменне трэнера госцяў Міхаіла Захарава наладжваць каманду на самыя адказныя адрэзкі гульні, заўзятараў чакала зацятая барацьба і ў далейшым. Але і “Гомель” не стаў змяншаць абаротаў, валодаючы ініцыятывай практычна на працягу ўсяго другога перыяду. І ўсё ж такі пад заслону перыяду, госці “размачылі” Ігара Брыкуна. Шайбу закінуў лепшы атакуючы абаронца чэмпіянату Алег Лявонцьеў.

Не жадаючы прайграваць, “Юнацтва” кінулася наперад. Скараціць лік у матчы да мінімуму здолеў былы гулец “рысяў” Віталь Валуй. Ужо практычна лежачы на лёдзе, нападнік наводмаш стукнуў па шайбе і тая заляцела ў вароты Брыкуна, агляд якому перакрывалі і свае і чужыя хакеісты. Працягваючы атакаваць вялікімі сіламі, “Юнацтва” дамаглося свайго. Канстанцін Захараў, скарыстаўшыся перадачай Рамана Раманенкі, зрабіў лік нічыйным – 3:3.

Мабыць, не жадаючы асоба рызыкаваць, каманды дацярпелі да авертайма, дзе нікуды асоба не спяшаючыся, давялі гульню да серыі булітаў. Ну а ў хакейнай латарэі больш удалымі былі гамяльчане, яшчэ раз паказаўшы, што яны – прызнаныя фаварыты чэмпіянату ў выкананні штрафных кідкоў. Чатыры разы ў бягучым чэмпіянаце матчы з удзелам “Гомеля” сканчаліся серыяй булітаў і нязменна пераможцам з іх выходзілі “вогненыя рысі”.

Сяргей КУЛЫБА

ГЛЯДЗІ ТАКСАМА:

Digg This
Reddit This
Stumble Now!
Buzz This
Vote on DZone
Share on Facebook
Bookmark this on Delicious
Kick It on DotNetKicks.com
Shout it
Share on LinkedIn
Bookmark this on Technorati
Post on Twitter
Google Buzz (aka. Google Reader)

Каментаванне не дазволена

Рэклама
Рейтинг сайтов

© ІА "Сусветны хакей", 2007-2009. Усе правы абароненыя.
Перадрукоўка матэрыялаў без гіперспасылкі на http://www.hockeyby.org/ забароненая!