Сустрэчу ХК Гомель – ХК Шыннік заўзятары ў Гомелі чакалі з нецярпеннем. Усім хацелася ўбачыць, у якой жа форме зараз знаходзіцца Уладзіслаў Брызгалаў – ўлюбёнец мясцовай публікі, які перайшоў да складу “баброў” у міжсезонне. У падтрымку старажыла каманды, заўзятары нават павесілі плакат на якім было напісана: “Берегите нашу Ракету, #9″. Менавіта гэту мянушку атрымаў Улад за гады выступу ў складзе “рысяў”. Пасля матчу ён папрасіў заўзятараў падарыць яму гэты плакат, што тыя з задавальненнем і зрабілі.
Зараз жа непасрэдна пра гульню. У першым перыядзе падзеі разгортваліся такім чынам, што здавалася, вось-вось, і заўзятары заснуць на сваіх месцах. Абедзве каманды не песцілі гледачоў небяспечнымі момантамі, толькі зрэдку пагражаючы варотам Ігара Брыкуна і Аляксея Брыша. У цэлым, перавагай не валодала ні тая, ні іншая каманда.
Мабыць, атрымаўшы нядрэнны “дыхт” у перапынку ад трэнераў, у другім перыядзе каманды зайгралі больш актыўна. Рахунак быў адкрыты на 34 хвіліне, калі гуляючы ў большасці, гаспадары вывелі на кідок Андрэя Філічкіна. Ён з пятака патрапіў у вароты Брыша. Пасля гэтага “Гомель” яшчэ больш узняў тэмп гульні і моманты ў варот госцяў сталі ўзнікаць адзін за адным. Рэальныя шанцы павялічыць перавагу ў ліку мелі Ўладзімір Магдзееў і Сяргей Агароднікаў, якіх партнёры выводзілі на забойныя пазіцыі. Але ні той, ні іншы свае шанцы не выкарысталі – Брыш пакуль ратаваў сваю каманду.
Пачатак трэцяга перыяду азнаменаваўся частымі выдаленнямі ў складзе каманды госцяў. У адзін з такіх момантаў гаспадары і закінулі сваю другую шайбу. Маючы ў складзе на двух гульцоў больш, падапечныя Аляксандра Андрыеўскага разгулялі шайбу да дакладнага і Дзяніс Качаткоў, які быў спрытней за ўсіх на “пятаку” ля чужых варот, адправіў шайбу у “рамку” госцяў – 2:0. А чшчэ праз хвіліну гаспадары давялі рахунак да разгромнага. Іван Усенка скарыстаўся памылкай Брыша, які зрушыўся ў правую частку варот. Кідком ад сіняй лініі абаронца “Гомеля” зрабіў лік роўным 3:0. Гамяльчане яшчэ больш узмацнілі націск на вароты госцяў, але… атрымалі шайбу ў свае вароты. Капітан “баброў” Дзмітрый Храмчанка, кідком з сярэдняй дыстанцыі размачыў Ігара Брыкуна. Але апошняе слова засталося ўсё-ткі за гаспадарамі. Аляксандр Усенка і Цімафей Філін удвох уцяклі на рандэву з Аляксеям Брышом, і Цімафей зафіксаваў канчатковы лік сустрэчы – 4:1.
Сяргей КУЛЫБА
ФОТА: Таццяна АДНАВОЧКА
Пратакол // Каментарый Аляксандра Андрыеўскага // Каментарый Васіля Панкова














А почему нету фоток с матча? Или где можно глянуть их?
нажаль на гэтым матчы былі тэхнічныя праблемы… з яго фотак хутчэй за ўсё не будзе.
Фоткi ёсць тут: http://photoshcgomel.ucoz.ru/photo/hk_gomel_hk_shinnik_4_1/98 .