
Хакеісты "Хімвалакна"
Гульня пачалася з больш жвавых дзеянняў прыезджай лютвы. Госці з першых жа хвілін матчу спрабавалі знайсці шчасце ў чужых варот, але то іх падводзіла індывідуальнае майстэрства, то на апошняй мяжы ўдала дзейнічаў Аляксандр Котаў.
А вось магілёўцы, не ў вельмі яркім для сябе першым перыядзе, а нават можна сказаць правальным, сваім момантам скарысталіся спаўна. Першае ж выдаленне ў “мядзведзяў” прывяло да ўзяцця варот. Замацаваўшыся ў зоне, Андрэй Самахвалаў робіць перадачу на Рамана Блоха, які знаходзіўся поруч варот, а той, у сваю чаргу, робіць “пас-цукерку” наўпрост на “пятак” на Канстанціна Касцюхіна – 1:0.
У другім перыядзе “Хімвалакно” перахапіла ініцыятыву, але гэта не замінала “Віцебску” дзейнічаць на вельмі вострых контратаках. У адным з такіх нападаў Аляксандр Котаў вырашыў выкінуць шайбу праз цэнтр сваёй зоны, але шайба сышла з крука і патрапіла на клюшку Паўлу Толсціку. Апошні, абгуляўшы галкіпера, кідаў у пустую рамку. Але штосьці падвяло “мядзведзя” – шайба прайшла над “дзявяткай”. І ўжо літаральна ў наступным нападзе свайго дамагліся магілёўцы. Арцём Бажко робіць перадачу на Андрэя Царэгародцава, магутная пстрычка апошняга ў далёкі ніжні кут і Міхаіл Шыбанаў ня змог выратаваць сваю каманду – 2:0!
У трэцім перыядзе віцяблянам удалося адыграцца. На 12 хвіліне, ізноў жа, пасля памылкі “львоў” у сваёй зоне, першым да шайбы дабраўся Васіль Паланіцкі які зрабіў накід на брамку саперніка, самым паваротлівым на пятачку апынуўся Яўген Каштанаў – 2:1! Пасля гэтага “Віцебск” усё больш і больш узмацняў свой ціск на вароты Котава, месцамі нават заціскаўшы магілёўцаў у сваёй зоне, але тым націск удалося ўтрымаць.
Варта заўважыць, што падтрымаць сваю каманду на берагі Дняпра прыбыло каля 20 заўзятараў з Віцебску, якія на працягу ўсяго матчу якасна падтрымлівалі сваіх хлопцаў!
Міхаіл МІЛІШКЕВІЧ
Пратакол // Каментарый Сяргея Усанава // Каментарый Валерыя Вароніна // Фотарэпартаж













