Учора ў Гомелі адбылося абласное дэрбі. Гаспадары, хакеісты аднайменнага клуба прымалі каманду “Металург” (Жлобін). Сустрэчы паміж гэтымі клубамі заўсёды праходзяць цікава і ў бескампраміснай барацьбе. Бо акрамя ўсяго іншага, каманды змагаюцца за права звацца лепшай камандай вобласці. Не стаў выключэннем і гэты матч. Але аб усім па парадку.
Сустрэча пачалася з афіцыйнай часткі. Пасведчанне майстра спорту міжнароднага класа з рук дырэктара ХК “Гомель” Ігара Пятровіча Малчанава атрымаў абаронца “рысяў” і нацыянальнай зборнай Іван Усенка. Пасля чаго дыктар на лёдавай арэне паведаміў, што ў гэты дзень абаронца гаспадароў, Андрэй Філічкін, адзначае сваё 22-годдзе, заўзятары ўзнагародзілі Андрэя бурнай авацыяй.
Матч стартаваў. Першымі магчымасць вызначыцца атрымалі жлабінчане. Аляксей Ложкін, здавалася, кідаў ужо ў неабаронены кут, але Ігар Брыкун у шпагаце адвёў пагрозу ад сваіх варот. Тут жа шанец пакараць саперніка за размантачванне момантаў атрымалі гаспадары, але Андрэй Пчэлякоў у падобнай сітуацыі гэтак жа не змог перагуляць Андрэя Буйко. Лік быў адкрыты толькі на зыходзе апошняй хвіліны першага перыяду. Колькасную большасць рэалізаваў Дзяніс Качаткоў. Адыграцца госці змаглі ўжо на 6 хвіліне другога перыяду, Юрый Елісеенка, паказаўшы нядрэнны дрыблінг вывеў на кідок Вадзіма Навіцкага, які запусціў шайбу пад папярочку гомельскіх варот. Нядоўга лік заставаўся роўным, чарговы напад “ваўкоў” завяршылася голам – шайба пасля адскоку ад борта патрапіла наўпрост на крук Аляксею Круцікаву і таму не склала цяжкасцей накіраваць яе ў сетку гомельскіх варот – 1:2.
Пасля такога галявога залпу гульня стала яшчэ цікавей, каманды павялічылі хуткасці, следствам чаму сталі частыя выдаленні і… працяг “Свята галоў”! Спачатку імяніннік Андрэй Філічкін адправіў шайбу пад папярочку варот Буйко, тым самым зраўняўшы лік у матчы. Але тут жа госці выйшлі наперад – дубль на свой рахунак запісаў капітан жлобінскай каманды – Аляксей Круцікаў. Падапечныя Аляксандра Андрыеўскага кінуліся адыгрывацца, што прынесла свае плады. На 34 хвіліне вызначыўся Ягор Філін, магутна стрэліўшы ў левую ад брамніка дзявятку – 3:3. Эмоцыі ў матчы зашкальвалі, запал дасягаў апагею і нарэшце дасягнуў: у кулачным баі па ўсіх прынятых канонах хакейных боек схвоснуліся Дзмітрый Якушын і Сяргей Дурдзін. Намахаўшыся кулакамі, абодва пайшлі ў распранальню, адначасна атрымаўшы па 5+20 мінут штрафу.
Трэці перыяд застаўся за гаспадарамі пляцоўкі, хакеістамі “Гомеля”. Але выняць выгаду з перавагі, “рысям” усё не ўдавалася, пакуль за справу не ўзяўся няўрымслівы Філічкін. Менавіта ягоны кідок с сярэдняй дыстанцыі вывеў гамельчан наперад – 4:3. Моманты ў варот Арунаса Алейнікаваса, які змяніў у рамцы Буйка, сталі ўзнікаць усё часцей і часцей. Але прабіць літоўскага галкіпера гамяльчане так і не змаглі. А вось гасцям удалося вызначыцца, пасля прайгранага ўкідвання, гамяльчане пакінулі аднаго без нагляду па цэнтры сваіх варот Паўла Волчака, які абгуляўшы Ігара Брыкуна, зраўняў лік – 4:4. Больш нікому з сапернікаў вызначыцца так і не ўдалося.
Сустрэча плыўна перацякла ў авертайм, дзе, як здалося, каманды не жадаючы рызыкаваць, чакалі серыі буллітаў. А вось больш удачлівымі ў хакейных пенальці апынуліся гаспадары, на ўдалыя кідкі Качаткова і Жыдкіх, жлабінчане адказалі толькі адным дакладным кідком у выкананні Паўла Волчака. Перамога ў прынцыповым дэрбі засталася за камандай Аляксандра Андрыеўскага.
Сяргей КУЛЫБА
Пратакол // Каментарый Аляксандра Андрыеўскага // Каментарый Яўгена Лебядзева // Фотарэпартаж













