Пасля суботніх матчаў, галоўным трэнерам абедзвюх каманд, прыйшлося добра паламаць галаву над фармаваннем складаў на матч будучы: лазарэтаў абедзвюх дружын хапіла б на паўнапраўных дзве пяцёркі. Як паказала гульня, лепш з гэтай задачай справіўся трэнерскі штаб менчукоў.
Мабыць, першы перыяд стаў самым сумным за ўсю гісторыю матчаў гэтых каманд: несамавітае «баданне» ў цэнтральнай зоне і рэдкія кідкі з сярэдніх і далёкіх дыстанцый наводзілі адкрытую нуду і пазяханне на гледачоў. Падобна, нават самі гульцы былі не прочкі памяняць прылады працы – клюшкі на мяккія ложкі і падушкі. Выратаванне ад чэпкіх рук “марфея”, нечакана прыйшло ў асобе галкіпера гаспадароў Андрэя Царова: Максім Цвяткоў «выносіў» шайбу ад сваіх варот, а тая, патрапіўшы ў борт на палове «Кераміну», павольна , але ўпэўнена паўзла за бакавую лінію варот… І быць бы пракіду, але мабыць такі варыянт не ўваходзіў у планы Царова: рухам клюшкі ён змяніў траекторыю руху шайбы-здрадніцы і яна шмыгнула галкіперу паміж шчыткоў – 0:1!
Другі перыяд не шмат чым адрозніваўся ад першага: каманды працягнулі гіпнатычны сеанс па апусканні лёдавага палаца ў сон, які быў перапынены толькі на зыходзе дваццаціхвілінцы, шыкоўным кідком Андрэя Глебава ў далёкую ад сябе «дзявятку» варот магілёўцаў – 1:1!
А вось у трэцім перыядзе, «цмокі» нарэшце падарылі сваім заўзятарам не толькі прыгожую гульню, але і дзейсную! Прыціснуўшыся да сваіх варот хакеісты «Хімвалакна» капітулявалі тройчы. На шайбы Баукіна і Еронава госці змаглі адказаць толькі дакладным стрэлам Сяргея Кісялёва ў большасці, замяніўшы Аляксандра Котава шостым палявым гульцом. Пахаваў жа надзеі «львоў» на авертайм Аляксей Страхаў, патрапіўшы ў пустуючую рамку варот.
Сяргей УСАНАЎ (галоўны трэнер ХК “Хімвалакно”):
- Галоўнай задачай было маральна аднавіць хлопцаў пасля гульні з салігорскім «Шахцёрам». Пасля кур’ёзнага гала, мог забіваць Баразенка, а ў другім перыядзе не рэалізавалі яшчэ два моманты. У трэцім перыядзе сапернік прыкметна дадаў у руху і ў выніку заслужана перамог. Чацвёра хлопцаў у лазарэце, што не магло не адбіцца на сённяшнім матчы.
Сяргей ПЕТУХОЎ (галоўны трэнер ХК “Керамін”):
- Нейкі злы рок гнёў каманду. У кожным матчы мелі шмат момантаў, але шайба неспасціжным чынам не жадала залятаць у вароты суперніка. Мусілі абыгрываць “Шыннік”, мусілі забіваць “Юнацтву”… Таму вядома рады, што ў канцы-канцоў колькасць перарасла ў якасць. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак нашай удалай серыі.
Дзмітрый БЯЛОЎ













