Пачатак чэмпіянату для сённяшніх сапернікаў склаўся па-рознаму. З шасці праведзеных матчаў у актыве “Металурга” толькі дзве перамогі пры чатырох паразах. А вось у “Шынніка” процілеглая сітуацыя: чатыры перамогі супраць двух параз. Нягледзячы на нестабільнае становішча ўсіх каманд у сярэдзіне турнірнай табліцы, на непрадказальныя вынікі мінулых гульняў, кожная з гуляючых сёння дружын разлічвала толькі на перамогу! Падапечныя Васіля Панкова, напэўна, былі накіраваны на тое, каб пакласці тры ачкі у сваю скарбонку. Ды і “сталёвым ваўкам” якраз было б перапыніць чараду пройгрышаў, тым больш, што сустрэча адбылася на хатняй лёдавай пляцоўцы.
З самага пачатку гульні гаспадары ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. І на дзевятай хвіліне, пасля некалькіх нападаў на вароты Аляксея Брыша, “сталёвыя ваўкі” размачылі стартавыя нулі на табло. Ігар Каваленя, скарыстаўшыся памылкай бабруйчан, выйшаў адзін у нуль і здолеў абгуляць галкіпера каманды саперніка. Акрыленыя першай закінутай шайбай гульцы “Металурга” працягвалі актыўна атакаваць. Гэта прынесла свае плады ў выглядзе другой закінутай шайбы, аўтарам якой стаў Віктар Бліноў. Менавіта ён, скарыстаўшыся дакладнай перадачай Паўла Волчака, з блізкай адлегласці на пятаку адправіў шайбу паміж шчыткамі Брыша.
Другі перыяд, гэтак жа як і першы прайшоў пад дыктоўку падапечных Яўгена Лебядзева. Перавага ў рахунку падцяпліла рызыку жлобінскай каманды. Следствам чаго стала трэцяя шайба ў варотах “баброў”. Галявым дублем вызначыўся Віктар Бліноў, які ўмела скарыстаўся перадачамі сваіх партнёраў па звяну Паўла Волчака і Юрыя Елісеенкі. Адзінае выдаленне ў другой траціне матчу Андрэя Коршунава падало шанец гасцям скараціць розніцу у рахунку. Але на жаль бабруйчане не змаглі належным чынам распарадзіцца колькаснай перавагай.
На першай хвіліне заключнага перыяду “ваўкі” засталіся ў меншасці. Гэтым ізноў паспрабавалі скарыстацца гульцы “Шынніка”, стварыўшы некалькі небяспечных момантаў у варот Андрэя Буйко. Незадаволеныя тым, як разгортваюцца падзеі на лёдзе, “бабры” зацята не жадалі пакідаць вароты саперніка ў недатыкальнасці. І ў сярэдзіне перыяду яны ўсё-ткі здолелі рэалізаваць колькасную перавагу. Радасць бабруйскім заўзятарам, якія прыехалі ў Жлобін падтрымаць сваю каманду, даставіў Дзмітрый Абрэжа, які вызначыўся, выкарыстаўшы перадачы Уладзіслава Брызгалава і Аляксея Кузняцова.
“Металург”, нягледзячы на скарачэнне ў ліку, працягваў гуляць пераважна ў абароне. А вось госці не жадалі саступаць і працягвалі наносіць кідкі па варотах гаспадароў, адзін з якіх і стаў галявым. Віктар Шарытон і Ўладзіслаў Брызгалаў сталі асістэнтамі Паўла Грышанава пры другім узяцці варот саперніка. Пасля таго, як разрыў у рахунку стаў мінімальным, Васіль Панкоў узяў тайм-аўт, у выніку чаго Аляксея Брыша змяніў шосты палявы гулец. І вось тут пачалося! Апошнія дзве хвіліны гульні гульцы абедзвюх каманд біліся, як у вырашальным матчы плэй-оф. Пляц варот Андрэя Буйко стаў цэнтрам напружанай, дынамічнай і зацятай барацьбы. Адбіваючы напады “няўрымслівых баброў”, металургі выкідвалі шайбу са сваёй зоны, але гульцы “Шынніка” паспявалі перахапіць яе ў цэнтры, не даючы патрапіць у пустыя вароты. Ад чацвёртага гала бабруйчан выратаваў Аляксей Кузняцоў, які перахапіў шайбу ўжо ў самай лініі неахоўных варот. І ўсе-ткі “сталёвыя клюшкі” былі сёння “не па зубах “бабрам”…
Васіль ПАНКОЎ (галоўны трэнер ХК “Шыннік”):
- Прайгралі матч з-за ўласных памылак. І ўжо не першы матч так прайграем. І разборы гульні праведзены, і аналізы, але то адны гульцы памыляюцца, то іншыя. А так па самааддачы і жаданню перамагчы ў мяне да гульцоў прэтэнзій няма.
Яўген ЛЕБЯДЗЕЎ (галоўны трэнер ХК “Металург”):
- Два з паловай перыяды каманда гуляла прыкладна гэтак жа як і ў Салігорску. Я атрымліваў вялікае задавальненне. Думаю, што рахунак мог бы быць і большым, калі б была рэалізацыя. Але псіхалагічны дыскамфорт з-за таго, што нам бракуе ачкоў, адчуваўся. І ў фіналі матчу, прапусціўшы адзін гол, мы трошкі задрыжалі. Добра, што Андрэй Буйко памкнуўся і дапамог камандзе выйграць. А так наогул рухаемся ў правільным накірунку. Вельмі цешыць моладзь, яна расце!
МЕТАЛУРГ (Жлобін) – ШЫННІК (Бабруйск) 3:2 (2:0, 1:0, 0:2)
20.09.2009@13:00. Лядовы палац “Металург”, 1600 гледачоў.
СУДДЗІ: Дзмітрый Шылаў, Валерый Жук, Ігар Гапотчанка.
СКЛАДЫ:
МЕТАЛУРГ: Буйко; Савіелс – Валянцін, К. Брыкун – Круцікаў (к) – Тврдонь; Навіцкі – Коршунаў, Каваленя – Восіпаў – Ложкін; І. Федараў – Дурдзін, Ю. Елісеенка – Бліноў – П. Волчак; Абухоўскі – Калачоў – Савілаў. Галоўны трэнер: Яўген ЛЕБЯДЗЕЎ.
ШЫННІК: Брыш; Захаранка – Кузняцоў, Брызгалаў – Абрэжа – Грышанаў; Маркоўскі – Цітавец, Міхеёнак – Д. Міхайлаў – Хамко; Казлоў – Храмчанка (к), А. Волчак – Шарытон – Емельянчык; Зуеў – Занкавец – С. С. Стась Галоўны трэнер: Васіль ПАНКОЎ.
ГАЛЫ: 08:02 1-0 Каваленя; 14:57 2-0 Бліноў (П. Волчак); 31:16 3-0 Бліноў (Ю. Елісеенка, П. Волчак); 50:34 3-1 Абрэжа (Брызгалаў, Кузняцоў – больш.); 57:38 3-2 Грышанаў (Брызгалаў, Шарытон).
БРАМНІКІ: Буйко (00:00-60:00 – 93,55 %) – Брыш (00:00-57:50 – 91,43 %)
КІДКІ: 35-31 (16-6, 12-9, 7-16).
ШТРАФЫ: 10-8 (2-4, 2-0, 6-4).
МЕТАЛУРГ: Круцікаў – 4; Коршунаў, Валянцін, К. Брыкун.
ШЫННІК: Храмчанка, Грышанаў, Зуеў, Цітавец.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Ігар КАВАЛЕНЯ, Андрэй БУЙКО (Металург) – Дзмітрый АБРЭЖА (Віцебск).
Аксана КАЗЛОВА
Вольга КАШПАРАВА




















