Бясплатны хостынг

АЧРБ: Шахцёр – Шыннік (рэпартаж з матчу)

Апублікавана hockeyby.org on Вер 14th, 2009 у рубрыцы БЕЛАРУСЬ, ФОТА. Вы можаце адсочваць камэнтары на публікацыю праз RSS 2.0. Камэнтары і зваротныя спасылкі зараз адключаны.

АЧРБ: Шахцёр – Шыннік (рэпартаж з матчу)

Без малога тысяча гледачоў на трыбунах сталі сведкамі ўроку, у якім ролю настаўніка выканала салігорская каманда. Бабруйск жа відавочна не цягнуў на выпускны клас, а калі б і не дзве забітыя шайбы “Шынніка” ў фіналі, дык можна было б і прадставіць заезджых хакеістаў з букетамі кветак, якія дораць з поўнымі павагі вачамі першаму педагогу.

Ужо з самага пачатку матчу «Шахцёр» паказаў, што ні пра якую недаацэнку саперніка гаворка весціся не можа. Актыўнічала звяно Сяргея Задзялёнава. І калі на трэцяй хвіліне матчу стрэл Яраслава Чупрыса парыраваў брамнік госцяў Аляксей Брыш, то на пятай ён ужо нічога ня змог зрабіць. Дзмітрый Мялешка з дапамогай сваіх «братоў» па тройцы рэалізаваў большасць. Пасля ўжо Арцём Дзямкоў не змог рэалізаваць выйсце-рандэву: брамнік згуляў стрымана і галоўнае надзейна. А потым шэраг нерэалізаваных момантаў: Чупрыс з забойнай пазіцыі паслаў шайбу вышэй варот, Дзямкову не хапіла дакладнасці і сілы з блізкай адлегласці патрапіць у вароты, а дзесці і Брыш паспяваў парыраваць кідкі гаспадароў.

Але “Шахцёр” усё ж такі забіў: ізноў вызначыўся Мялешка. І як і пры першым узяцці варот, гарнякі рэалізавалі большасць. Нельга сказаць што хакеісты “Шынніка” “спалі” на пляцоўцы. Былі і ў іх нядрэнныя атакуючыя дзеянні, але бракавала майстэрства і да таго ж празмернага жадання таксама не назіралася.

Другі перыяд стаў бедным на шайбы: усяго адна. Але затое “трук з капялюхам” выпаў на долю Дзмітрыю Мялешку. Дапамогу яму ў гэтай высакароднай справе аказаў Яраслаў Чупрыс. Нягледзячы на склаўшуюся перавагу “Шахцёр” хады не зменшыў. Маладому Арцёму Антоненцы варта падгледзець на трэніроўках за дзеяннямі старэйшых таварышаў, бо стварыць момант, а потым кінуць з пяці метраў прама ў брамніка – гэта ня вельмі добра. Ну а крыху пазней нападнік “Шынніка” Сяргей Громаў выскачыў на “спатканне” з Геравым, але чамусьці забыўся кінуць.

Адносную “сухасць” другога перыяду змяніла пышная сямёрка шайбаў трэцяга. Алег Шафарэнка з сіняй лініі прабівае Брыша, з другой спробы здолеў паслаць шайбу па прызначэнні Дзямкоў. У гэтай сітуацыі засталося пазнаць куды глядзела абарона? Першы крок да галявога дубля зрабіў Чупрыс. Атрымаўшы пас ад Мялешкі, ён удала выкарыстаў адсутнасць перашкод паміж ім і брамнікам. Другі ж гол Яраслаў забіў ужо іншаму брамніку бабруйчан – Антону Міцкевічу. Ізноў выйсце адны на адзін: тэхніка майстра не баіцца – 7:0, прычым гарнякі вызначыліся ў меншасці. Шафарэнка вырашыў не адставаць ад таварыша па камандзе і таксама аформіў галявы дубль. Ён літаральна расстраляў вароты госцяў пасля зручнай перадачы Яўгена Кавыршына. Небаракі з Бабруйска ўсё ж даставілі адну непрыемнасць салігорскай камандзе, а дакладней яе брамніку. Павел Грышанаў здолеў з блізкай адлегласці патрапіць у цэль. Гэта яму і прынесла тытул «гульца матчу» з боку госцяў. Другую “пілюлю” Гераву “выпісаў” Аляксандр Міхеёнак. Цікава, што суддзя за варотамі не запаліў ліхтар і прыйшлося звярнуцца да дапамогі відэапаўтору. Але справядлівасць перамагла. У апошнія дзве хвіліны гарнякі былі блізкія да лічбы “9″, але ўжо гэта быў бы перабор!

Васіль ПАНКОЎ (галоўны трэнер ХК “Шыннік”):
– Непрыстойна з такім лікам прайграваць матч. Я скажу, што маё асабістае меркаванне і меркаванне трэнераў, што хтосьці палічыў, напэўна, пасля хатніх матчаў, што шмат чаго ўмеюць і можна ў паўсілы гуляць. Але гэта мы будзем імкнуцца змяніць. Плюс яшчэ шмат памылак у абароне дапусцілі. Але гэта зноў жа ад таго, што палічылі, можа быць, што могуць шмат чаго. А насамрэч гэта “шмат чаго” выліваецца вось у такі лік. Вядома, будзем пераглядаць склад на наступны год, бо такое не павінна быць. Я разумею, што можна прайграць матч, але не з такім ганебным лікам!

Андрэй ГУСАЎ (галоўны трэнер ХК “Шахцёр”):
– Правялі добры матч, хуткі, актыўны, цвёрды. У некаторых момантах, калі мелі вялікую галявую перавагу трошкі паслабіліся, не дазволілі брамніку адпрацаваць матч на нуль, але тым не менш рады за вынік. Рады за тое, што вялікая колькасць галоў была забітая. Адзінае што даводзіцца хутчэй пра такія матчы забываць, таму што паслязаўтра наступная гульня. І таму я папрасіў хлопцаў, каб забыліся пра гэтую гульню і рыхтаваліся да наступнай.

ШАХЦЁР (Салігорск) – ШЫННІК (Бабруйск) 8:2 (2:0, 1:0, 5:2)
13.09.2009@13:00, г. Салігорск, Спартова-відовішчны комплекс, 956 гледачоў.
СУДДЗІ: Віктар Пляц, Валерый Гацуля, Уладзімір Руф.
СКЛАДЫ:
ШАХЦЁР: Гераў; Люткевіч – Антонаў, В. Андрушчанка – Шафарэнка – Кавыршын; Сушко – Шынкевіч, Дудзік – У. Міхайлаў – Дзямкоў; Шведаў – Башко, Мялешка – Задзялёнаў (к) – Чупрыс; Нагачоў – Ар. Антоненка – Камбовіч. Галоўны трэнер: Андрэй Гусаў.
ШЫННІК: Брыш, Ант. Міцкевіч; Захаранка – Кузняцоў, Брызгалаў – Абрэжа – Грышанаў; Маркоўскі – Цітавец, Міхеёнак – Д. Міхайлаў – Хамко; Казлоў – Храмчанка (к), А. Волчак – Шарытон – Емельянчык; Занкавец – С. С. Стась – Громаў.Галоўны трэнер:
Васіль Панкоў.
.
ГАЛЫ: 04:23 1-0Мялешка (Задзялёнаў, Чупрыс – больш.); 16:43 2-0 Мялешка (Люткевіч, Чупрыс – больш.); 21:33 3-0 Мялешка (Чупрыс); 43:18 4-0 Шафарэнка (Люткевіч, Антонаў – больш.); 43:35 5-0 Дзямкоў (Дудзік, Сушко); 45:21 6-0 Чупрыс (Задзялёнаў, Мялешка); 51:45 7-0 Чупрыс (Мялешка, Антонаў – меньш.); 53:33 7-1 Грышанаў (Брызгалаў); 56:05 7-2 Міхеёнак (Д. Міхайлаў); 57:59 8-2 Шафарэнка (Кавыршын).
БРАМНІКІ: Гераў (00:00-60:00 – 90.48%) – Брыш (00:00-46:56 – 72.73%), Ант. Міцкевіч (46:56 – 60:00 – 75.00%).
КІДКІ: 30-21 (8-6, 10-7, 12-8).
ШТРАФЫ: 8-22 (2-6, 2-12, 4-4).
ШАХЦЁР: В. Андрушчанка, Дзямкоў, Башко, У. Міхайлаў.
ШЫННІК: Маркоўскі – 10; Шарытон, Емельянчык, С. С. Стась, Храмчанка, Кузняцоў, Казлоў.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Дзмітрый МЯЛЕШКА, Аляксей ГЕРАЎ (Шахцёр) – Павел ГРЫШАНАЎ (Шыннік).

Валерый ШЧЭРБІЧ
Міхаіл ДАЙЛІД

Digg This
Reddit This
Stumble Now!
Buzz This
Vote on DZone
Share on Facebook
Bookmark this on Delicious
Kick It on DotNetKicks.com
Shout it
Share on LinkedIn
Bookmark this on Technorati
Post on Twitter
Google Buzz (aka. Google Reader)

Каментаванне не дазволена

Рэклама
Рейтинг сайтов

© ІА "Сусветны хакей", 2007-2009. Усе правы абароненыя.
Перадрукоўка матэрыялаў без гіперспасылкі на http://www.hockeyby.org/ забароненая!