Матч з «Хімікам-СКА» выдаўся нечаканым для жлабінчан. Заўзятары, якія прыйшлі падтрымаць «сталёвых ваўкоў» ніяк не чакалі, што такая насычаная гульня скончыцца з несуцяшальным лікам для гаспадароў лёдавай пляцоўкі.
Першы перыяд пачаўся з вострых нападаў «Металурга». Ужо на трэцяй хвіліне матчу ва ўсім бляску выявіў сваё брамавае майстэрства галкіпер навапалачан Віталь Трус. Прапусціўшы паміж шчыткамі шайбу Віктара Блінова, ён паспеў выправіць сваю памылку, з развароту накрыўшы шайбу пасткай у самай лініі варот. Госці разумелі, што іх сапернік наладжаны рашуча і зацята абаранялі свае вароты, зрэдку адказваючы контратакамі. Але нават застаўшыся ў меншасці, не далі замацавацца «ваўкам» у сваёй зоне. Жаданне адкрыць рахунак адчувалася ў гульцоў абедзвюх каманд.
Нуль на табло змяніўся на адзінку на карысць госцяў на трынаццатай хвіліне. Раман Гарбаконь, перахапіўшы шайбу за варотамі саперніка і праехаўшы па правым фланзе, аддаў дакладны пас на цэнтр Георгію Яскевічу, які ў сваю чаргу не разгубіўся і ад сіняй лініі магутным кідком патрапіў у вароты Андрэя Буйко. Атмасфера накалялася: ламаліся клюшкі, губляліся шлемы, а замест шайбаў у варотах апыняліся самі гульцы. Негледзячы на шматлікія напады на вароты «Хіміка-СКА», на ўсе пісьменна разгуляныя камбінацыі, якія вось-вось павінны былі прывесці да зваротнага гала, гульцы сышлі на першы перапынак, не здолеўшы змяніць рахунак.
Другі перыяд, зрэшты, як і ўвесь гэты матч, прайшоў пад дыктоўку «Металурга». Але, тым не менш, фартуна сёння была на баку госцяў. Чарговы станоўчы вынік для сваёй каманды прынёс нападнік «Хіміка-СКА» Алег Крыкуненка, якому асіставалі Станіслаў Ланавенка і самы малады гулец каманды Арцём Леўша. Напады з боку «ваўкоў» узмацняліся, напор барацьбы павялічваўся, часам перарастаючы ў невялікія калатніны паміж супернікамі. Па варотах навапалачан было нанесена мноства кідкоў. І напэўна цяжка знайсці ў сённяшнім складзе «Металурга» гульца, які не паспрабаваў бы патрапіць у вароты саперніка. Але Віталь Трус, прыклаўшы ўсе магчымыя высілкі, застаўся непрабіўным.
Заключны перыяд жлобінская каманда пачала ў меншасці. Гэта не перашкодзіла працягваць актыўна атакаваць валадарствы наваполацкага брамніка, якому ў гэтай гульні прыйшлося «папацець» як ніколі з пачатку цяперашняга чэмпіянату. Надзею на перамогу жлобінскім заўзятарам падарыў латвійскі абаронца Агрыс Савіелс. Менавіта ён змог скараціць парыў у рахунку, скарыстаўшыся падвойнай колькаснай перавагай. Трыбуны «падарваліся» ад доўгачаканай шайбы! Здавалася, што да перамогі заставалася зусім трохі! Час яшчэ дазваляў не толькі зраўняць лік у матчы, але і вырвацца гаспадарам наперад. І «Хімік», які відавочна прытаміўся, нават гуляючы ў большасці, памыляўся і даваў магчымасць жлабінчанам урывацца да варот Віталя Труса. Але гэты гулец насуперак усеагульнаму меркаванню сёння даказаў, што Трус гуляе ў хакей!
Сяргей ПУШКОЎ (галоўны трэнер ХК “Хімік-СКА”):
- Хацеў бы выказаць словы падзякі сваім гульцам, яны вельмі выдатна наладзіліся на сённяшні матч. Выканалі ўсталёўку, якая ім была дадзена. Лічу, што мы вельмі добра правялі першы перыяд, валодалі ініцыятывай, стварылі магчымасці для ўзяцця варот. У другім перыядзе наша ігра трохі надламалася, пайшлі выдаленні і гаспадары перахапілі ініцыятыву. Але я вельмі задаволены тым, што выдатна згулялі ў абароне і створанымі контратакамі, адна з якіх прывяла да гала. Вельмі задаволены тым, што выйгралі гэты матч. Гэта будзе добрай запамогай перад серыяй хатніх гульняў.
Яўген ЛЕБЯДЗЕЎ (галоўны трэнер ХК “Металург”):
- Хацеў бы павіншаваць з перамогай каманду «Хімік»… У першым перыядзе яны мелі перавагу, у другім і трэцім перыядзе мы ўжо валодалі ініцыятывай і мелі мноства момантаў для ўзяцця варот, але брамнік госцяў сёння быў бездакорны. Вельмі вялікія праблемы маем у нападзе. Другі хатні матч забіваюць толькі абаронцы. Цалкам не ідзе гульня ў першага звяна. Вядома, калі мы будзем забіваць па адным галу, нам будзе цяжка з такім нападам. Таму цяпер перад паездкай будзем прадпрымаць вызначаныя меры, каб узмацніць гульню менавіта ў нападзе.
МЕТАЛУРГ – ХІМІК-СКА 1:2 (0:1, 0:1, 1:0)
10.09.2009@18:30. Лядовы палац “Металург”, 1152 гледача.
СУДДЗІ: Уладзімір Праскураў, Валерый Жук, Дзмітрый Шабуневіч.
СКЛАДЫ:
МЕТАЛУРГ: Буйко; Савіелс – Валянцін, Ложкін – Круцікаў (к) – Тврдонь; Дурноў – Крывамаз, Каваленя – Восіпаў – Коўшык; І. Фёдараў – Дурдзін, Ю. Елісеенка – Бліноў – К. Брыкун; А. Абухоўскі – Калачоў – Савілаў. Галоўны трэнер: Яўген Лебядзеў .
ХІМІК-СКА: Трус; Скрыпелёў – Глінкін, Крыкуненка – Прыгуноў – Камароў; Магераў – Перэверзеў, Мароз – Кірпічонак – Тыднюк; Клішын – Яскевіч, Р. Гарбаконь – Маліноўскі – Жылін; Ланавенка – Трыпук, Менцюк – Катаеў – Леўша. Галоўны трэнер: Сяргей Пушкоў.
ГАЛЫ: 12.37 0-1 Яскевіч (Р.Гарбаконь); 24.11 0-2 Крыкуненка (Ланавенка, Леўша); 43.24 1-2 Савіелс (Валянцін, Ложкін).
БРАМНІКІ: Буйко (00:00-59:25 – 94.12%) – Трус (00:00-60:00 – 80.00%).
КІДКІ: 41-21 (10-4, 14-9, 17-8).
ШТРАФЫ: 10-16 (0-4, 8-6, 2-6).
МЕТАЛУРГ: Тврдонь, Крывамаз, Ю. Елісеенка, Дурдзін.
ХІМІК-СКА: Яскевіч – 4; Жылін, Прыгуноў, Леўша, Р.Гарбаконь, Тыднюк, Крыкуненка.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Кірыл БРЫКУН (Металург) – Віталь ТРУС, Сяргей КЛІШЫН (Хімік-СКА).
Аксана КАЗЛОВА
Вольга КАШПАРАВА




















