
Уладзімір Навумаў
Учарашні матч у Салігорску паміж “Шахцёрам” і “Гомелем” наведаў старшыня ФХРБ Уладзімір Навумаў. Пасля сустрэчы Ўладзімір Уладзіміравіч падзяліўся сваімі ўражаннямі пра старт чэмпіянату з прэс-службай ФХРБ:
- У першую чаргу хачу сказаць не пра хакей, а пра арганізацыйныя моманты, – падае словы старшыні ФХРБ афіцыйны сайт гэтай арганізацыі. – Арэна ў Салігорску абсалютна не гатовая для правядзення гульняў чэмпіянату. Жудасная разметка, камеры сістэмы «відэагол» размешчаны няправільна. Учора арбітр праглядаў эпізод спрэчнага ўзяцця варот цэлую вечнасць. Мяне дзівіць, чаму гэтыя недахопы выяўляюцца ўжо падчас чэмпіянату, а не да яго пачатку. Федэрацыя зойме вельмі цвёрдую пазіцыю ў стаўленні праблемных каманд. Калі клуб не можа належным чынам падрыхтаваць сваю арэну, то хатнія матчы ён будзе праводзіць у іншых палацах па выбары ФХРБ, – дадаў Уладзімір Навумаў.
Шчыра кажучы, чуць заявы пра негатовасць лёдавага палацу ў Салігорску да прыняцця матчаў АЧБ трохі нечакана. Бо яшчэ зусім нядаўна, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю 18 АЧРБ, Уладзімір Уладзіміравіч адзначаў, што арэны цалкам гатовыя да прыняцця матчаў чэмпіянату. Нараканні выклікаў толькі палац у Наваполацку. Цяпер жа выяўляецца, што праблемных палацаў у нас прынамсі на адзін болей. Так і хочацца спытаць у кіраўніцтва ФХРБ словамі галавы федэрыцыі: “Чаму гэта стала вядома ўжо пасля старту чэмпіяната?” Хто мусіць за гэта адпавядаць? Хацелася б пачуць адказы і на гэтыя пытанні…
Цікава ў гэтай сітуацыі, што кожная арэна праходзіць абавязковую атэстацыю на адпаведнасць патрабаванням рэгламента чэмпіянату Беларусі. Форма акта прыведзеная ў дадатку 5 да рэгламента і прадугледжвае ў прыватнасці ацэнкі “лёдавай паверхні з выразна бачнай афіцыйнай разметкай”, наяўнасць відэакамер сістэмы “відэагол”, якія мусяць быць размешчаныя “за варотамі” і “унутры варот у зашчытных кажухах”. І гэтак далей… Цалкам акт складаецца з васьмі (!) старонак і ўсебакова ахоплівае характарыстыкі лёдавай пляцоўкі і ўсёй інфраструктуры лёдавага палацу. Пад актам мусяць стаяць чатыры подпісы: тры абавязковыя – прадстаўнікой ФХРБ, хакейнага клубу і спартовага збудавання, а таксама дадатковы подпіс прадстаўніка Белтэлерадыёкампаніі. Дык хто ж будзе адказваць за тое што арэна ў Салігорску не гатовая да чэмпіянату? А можа і не толькі яна? Пытанні застаюцца… А вось хто на іх будзе адказваць?
Сяргей КУЛЫБА
Барыс ФРЭНКЕЛЬ













