Першая хатняя гульня “Шынніка” на чэмпіянаце была менавіта такой, якой і жадалі бачыць яе заўзятары – вельмі цікавай, хвалюючай, з масай відовішчных момантаў.
Лік быў адкрыты ўжо пасля заканчэння першай хвіліны матчу дакладным кідком Сяргея Хамко па варотах навапалачан. Асіставаў яму пры гэтым Аляксандр Міхеёнак. Тое, што “бабры” сур’ёзна наладжаны на перамогу, было відаць па шматлікіх вострых кідках па варотах госцяў. Але і “Хімік” саступаць відавочна не збіраўся. Гэта стала відавочна пасля таго, як на 14-ай хвіліне матчу госці аднавілі раўнавагу. Шайбу закінуў Арцём Леўша пасля дакладнай перадачы Дзмітрыя Катаева. Праўда, роўнасць на табло ўсталявалася ненадоўга, усяго толькі на дзьве хвіліны. Дакладна рэалізаваўшы большасць, ізноў вызначыўся нападнік бабруйчан – Аляксандр Міхеёнак. А хакеісты “Хіміка” ў сваю чаргу накіравалі ўсю сваю ўвагу на вароты гаспадароў. Аднак кідок, пасля якога шайба апынулася ў варотах Аляксея Брыша, быў зроблены літаральна на секунду пазней свістка суддзі. Пасля відэапрагляду шайбу не залічылі і навапалачане сышлі на перапынак вельмі засмучаныя. Магчыма, менавіта гэта прымусіла іх правесці другі перыяд значна актыўней.
Пры дапамозе капітана каманды Аляксандра Прыгунова “хімікі” ізноў выраўнялі лік у сустрэчы. Гульня набірала абароты і зноў падала шанец гасцям, аднак тыя ім не скарысталіся. Гуляючы, практычна дзве хвіліны пры падвойнай колькаснай перавазе, «Хімік» так і не змог выйсці наперад у гэтым матчы. Але праўду кажуць: “Не забіваеш ты – забіваюць табе!” Гэты, усім вядомы выраз, пацвердзіў Аляксей Волчак, які запусціў шайбу ў вароты Яўгена Філіпчыка.
Пачатак трэцяй дзесяціхвілінкі зноў падарыў станоўчыя эмоцыі бабруйскай публіцы. Гэтым разам дакладным кідком вызначыўся Дзмітрый Міхайлаў. Рахунак становіцца 4:2! Здаецца, што вось яна, перамога, як ізноў “Шыннік” з-за парушэнняў апыняецца ў няпростай сітуацыі: у чарговы раз даводзіцца гуляць 2 хвіліны ўтрох супраць пяцёх. Але ж дарма хваляваліся заўзятары, дасведчаны Аляксей Брыш надзейна абараняў свае вароты. І вось яно – дэжавю! Не дазволіўшы суперніку закінуць у большасці, за 14 секунд да заканчэння матчу, Аляксандр Міхеёнак, які стаў сапраўднай зоркай сустрэчы, усталёўвае канчатковы лік матчу! 5:2!
Сяргей ПУШКОЎ (галоўны трэнер ХК “Хімік-СКА”):
- Я думаю, сёння абедзве каманды паказалі вельмі хуткі хакей з вялікай колькасцю момантаў. У першым перыядзе гаспадары былі актыўней: ці то мы патрапілі пад бязладдзе, ці то яны атакавалі больш. Гледачы іх гналі наперад, што яны ў прынцыпе і рабілі. Я думаю, што ў другім перыядзе мы перахапілі ініцыятыву, было шмат момантаў.
Ва ўсіх гульнях бываюць ключавыя моманты – у нас было два такіх моманты пры ліку 2:2 у другім перыядзе, калі выйшлі гуляць пяць на тры. У трэцім перыядзе у такой жа сітуацыі на працягу дзвюх хвілін гулялі, але відавочны недахоп майстэрства ў рэалізацыі такіх момантаў. З нашага боку 44 кідка зроблена, але хапіла іх на 2 гала. Адгэтуль і робім адпаведныя высновы.
Васіль ПАНКОЎ (галоўны трэнер ХК “Шыннік”:
- Удзячны хлопцам за тую працу, якую прарабілі, таму што не ўсё так проста, як падаецца на трыбунах гледачам. У нас новая каманда і, здаецца, каманда на правільным шляху. Сёння гульня была і для гледачоў можна сказаць – гледачы павесяліліся – але і сапернік быў сёння моцны і добры, ну а нам павезла больш.
– Пасля першага перыяду здавалася, што каманда «Шыннік» некалькі «падсела». Што здарылася?
- Я не думаю, што яна “падсела”, таму што трэці перыяд ізноў ішлі наперад. Мы змагаемся з гэтай хваробай – другі перыяд з’яўляецца самым вызначальным. Увесь час кажаш гэта хлопцам, але не даходзіць. Будзем штосьці вырашаць.
– Васіль Мікалаевіч, з нагоды вядучага звяна, дакладней яго адсутнасці… Кожны матч «страляе» новае звяно?
- Няхай так кожнае звяно страляе па 3 галы, я не супраць. Усё 4 звяна гуляць аднолькава не могуць. Гэта – хакей! Сёння гэтыя стрэлілі, заўтра наступныя стрэляць – будзе нядрэнна.
Андрэй СКРЫПЕЛЁЎ (абаронца ХК “Хімік-СКА”):
– Што можаце сказаць пра сённяшнюю гульню? Якія адчуванні?
- Звычайныя. Бардак у нас у камандзе. Каманда развалілася ў параўнанні з мінулым сезонам.. Вось такія і адчуванні… Таму і вынік такой. Ні прэміяльных, нічога няма. Можа быць, калі б суддзя гол залічыў у канцы першага перыяду – было б па-іншаму. Вы бачылі гэты гол?
– Вядома бачыла. Але, калі сумленна, гэта было б несправядліва.
- Так, гала там не было! Але калі б залічыў… Тады мы б можа быць яшчэ змагаліся… Ды наогул “Хімік” у гэтым сезоне будзе дзесьці на перадапошнім месцы. Але, усё звычайна. Мы верым у светлую будучыню!
Аляксандр ЗАХАРАНКА (абаронца ХК “Шыннік”):
- Гульня была вельмі цікавая. Мы выглядалі свяжэй, чым Наваполацк, вось адгэтуль і вынік. Каманды была накіравана на перамогу. Калі на матчах да адкрытага чэмпіянату камандзе бракавала нейкай згулянасці, таму што каманда новая зусім, дык цяпер усё змянілася. Гэта відаць і па выніку. Магу сказаць, што мы ў парадку. Мы – “чорна-чырвоная машына”, мы набралі абароты!
Аляксей КУЗНЯЦОЎ (абаронца ХК “Шыннік”):
- Перамозе, вядома, радыя. Можа адбівалася нейкае хваляванне, таму што першая хатняя гульня. Адразу не ўвайшлі ў сваю гульню і таму «гойдалка» на трэцім перыядзе так і працягвалася. Стрэлілі два разы ў трэцім перыядзе, можа быць і гэта яшчэ дапамагло. Забілі патрэбныя галы свае, якія мусілі забіць. Вось з гэтага і склалася перамога. Вось і ўсё!..
Чэмпіянат доўгі, таму рана цешыцца. Яшчэ 50 гульняў наперадзе. Будзем гуляць далей!
ШЫННІК (Бабруйск) – ХІМІК-СКА (Наваполацк) 5:2 (2:1, 1:1, 2:0)
08.09.2009@18:30. Лядовы палац “Бабруйск-Арэна” (Беларусь), 1900 гледачоў.
СУДДЗІ: Алег Лускань, Дзмітрый Шабуневіч, В. Лабкоў.
СКЛАДЫ:
ШЫННІК: Брыш; Кузняцоў – Кручынін, Брызгалаў – Абрэжа – Навуменка; Маркоўскі – Цітавец, Михеёнак – Д. Міхайлаў – Хамко; Казлоў – Храмчанка (к), А. Волчак – Шарытон – Емельянчык; В. Занкавец – Грышанаў – С. С. Стась. Галоўны трэнер: Вастль Панкоў.
ХІМІК-СКА: Філіпчык; Скрыпелёў – Глінкін, Крыкуненка – Прыгуноў – Камароў; Перэверзеў – Магераў, Мароз – Пільноў – Тыднюк; Клішын – Яскевіч, Р. Гарбаконь – Маліноўскі – Жылін; Ланавенка – Трыпук, Менцюк – Катаеў – Леўша. Галоўны трэнер: Міхаіл Захараў.
ШАЙБЫ: 01:02 1-0 Хамко (Міхеёнак – больш.); 13:29 1-1 Леўша (Катаеў); 15:32 2-1 Міхеёнак (Хамко, Д. Міхайлаў – больш.); 25:32 2-2 Прыгуноў (Глінкін, Камароў); 38:47 3-2 А. Волчак (Кручынін); 43:05 4-2 Д. Міхайлаў; 59:46 5-2 Міхеёнак (Храмчанка).
БРАМНІКІ: Брыш (00:00-59:46 – 95.2%), Міцкевіч (59:46-60:00 – 100.0%) – Філіпчык (00:00-60:00 – 87.5%).
КІДКІ: 40-42 (16-10, 8-15, 16-17).
ШТРАФЫ: 16-14 (6-8, 4-2, 6-4).
ШЫННІК: Цітавец – 6; Емельнчык – 4; Д. Міхайлаў, Кузняцоў, А. Волчак.
ХІМІК-СКА: Магераў – 6; Прыгуноў – 4; Глінкін, Крыкуненка.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Аляксей БРЫШ, Сяргей ХАМКО (Шыннік) – Раман МАЛІНОЎСКІ (Хімік-СКА).
Алена СЕМУЦЕНКА






















