Чарговы матч у лядовым холе Ліепаі стаў своеасаблівым чэмпіёнскім дзербі дзвюх краін: сустракаліся чэмпіён Латвіі “Ліепаяс Металургс” і чэмпіён Беларусі менскае “Юнацтва”. Галоўны трэнер ліепайчан пайшоў на вялікія змены, паставіўшы на вароты не брамніка зборнай Латвіі (хоць і запаснога) Дзмітрыя Жабацінскага, а Марыса Ючэрса, які добра сябе выявіў у папярэднім матчы з “гарнякамі” з Салігорску. Таксама не браў удзел ў гульні ветэран каманды Эдуард Іваноў, гулец, які з самага першага дня стварэння клуба выступаў за “Металургс”. Таксама на пляцоўцы зноў можна было бачыць Георгія Чыркіна. Раней ён гуляў за ліепайчан, а практычна ўвесь мінулы сезон правёў у “АСК-Огрэ”.
З першых жа хвілін “металургі” пайшлі ў напад, але ж і госці адказвалі небяспечнымі контратакамі. Гаспадары пляцоўкі надзейна замацаваліся ў зоне госцяў, але тыя не давалі “металургам” разгарнуцца і апошнім даводзілася біць па варотах практычна ўсляпую. Першы перыяд скончыўся без забітых шайбаў і ў “металургаў” з’явіліся добрыя шанцы вырабіць паразу чэмпіёнам Беларусі.
У другім перыядзе карціна рэзка змяніла выгляд. Госці пачалі дваццаціхвілінку з большым імпэтам, але на 25-ай хвіліне матчу гаспадары закінулі першую шайбу ў гэтай гульні, якая на жаль не была залічана, бо была забіта высока паднятай клюшкай. Пасля гэтага “металургі” паверылі ў свае сілы і працягнулі пачатае ў першым перыядзе.
Але ўсё ж такі фартуна ўсміхнулася гасцям. Калі гульня пераваліла за свой экватар, дасведчаны Раман Раманенка выкарыстаў пралом у абароне гаспадароў і адкрыў лік у гульні. Гаспадары паспяшаліся адыграцца, але, як кажуць, паспех – людзям на смех, і напачатку трэцяга перыяду госці падвоілі парыў у ліку, а затым у большасці забілі яшчэ адну безадказную шайбу. “Металургі” на здзіўленне не зваліліся духам і маментальна адказалі закінутай шайбай, якая апынулася ў варотах дзякуючы высілкам Валерыя Філімонава.
Быў у гаспадароў яшчэ адзіны момант, што мог паўплываць на хаду сустрэчы. Гунарс Скварцоў, нягледзячы на тое, што яму заміналі, зрабіў блізкі кідок па варотах, але ж непадатлівы кавалак гумы патрапіў у папярочку.
Уладзімір ГАЛУБОВІЧ (галоўны трэнер ХК “Ліепаяс Металургс”):
Сапернік аднёсся да нас з павагаю. Настрой на матч ва ўсёй каманды – агідны! У каманду вярнуўся Чыркоў – мы проста ўвайшлі ў становішча чалавека: калі б не мы, дык ён бы страціў грамадзянства, а яму ж сям’ю карміць трэба…
Міхаіл ЗАХАРАЎ (галоўны трэнер ХК “Юнацтва-Менск”):
Шмат казаць не буду. Рэзультат цалкам заканамерны, бо ў саперніка больш маладзейшы склад.
ЛІЕПАЯС МЕТАЛУРГС – ЮНАЦТВА-МЕНСК 1:3 (0:0, 0:1, 1:2)
08.09.2009@18:30. Лядовы палац “Ліепаяс Металургс” (Латвія), 307 гледачоў.
СУДДЗІ: Яраслаў Заўгародні, Максім Багданаў, Артурс Габалыньш.
СКЛАДЫ:
ЛІЕПАЯС МЕТАЛУРГС: Ючэрс; Фелдманіс, М. Шырокаў, Кнікстс, Цялушкін, Чыркоў, Рагаза, Г. Пурыньш, Дземітэрс; Скварцоў, Гравіціс, Філімонаў, В. Паўлаў, А. Абаліньш, Мамонаў, Я. Пурыньш, Яс’оніс, Зелціньш, Данілаў, Арт. Міцкевіч, Баярунс. Галоўны трэнер: Уладзімір Галубовіч.
ЮНАЦТВА: Шабанаў; Грыбко, Ярковіч, Карэў, Якімовіч, Лявонцьеў, Баранаў, Дзяніскін; Клачкоў, Кітараў, Мацярухін, Каролік, Баярскіх, К. Захараў, Бараўкоў, Р. Раманенка, Сянькевіч, Яноўскі, Курылін, А. Цімчанка. Галоўны трэнер: Міхаіл Захараў.
ШАЙБЫ: 34:54 0-1 Р. Раманенка (Яноўскі, Кітараў); 47:37 0-2 Мацярухін (А. Цімчанка); 51:24 0-3 Дзяніскін (Лявонцьеў, К. Захараў – больш.); 52:13 1-3 Філімонаў (Фелдманіс).
БРАМНІКІ: Ючэрс (00:00-60:00 – 88.00%) – Шабанаў (00:00-60:00 – 94.44%).
КІДКІ: 18-25 (2-7, 9-14, 7-4).
ШТРАФЫ: 8-6 (4-2, 2-2, 2-2)
ЛІЕПАЯС МЕТАЛУРГС: Скварцоў, Паўлаў, Гравіціс, Цялушкін.
ЮНАЦТВА: Яноўскі, Клачкоў, А. Цімчанка.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Валерый ФІЛІМОНАЎ (Ліепаяс Металургс) – Аляксандр МАЦЯРУХІН, Раман РАМАНЕНКА (Юнацтва).
Максім КАМАРОЎ













