Вось нарэшце, свята хакея прыйшло і ў Гомель. У чарговым матчы розыгрышу Кубка Беларусі па хакеі мясцовыя “рысі” прымалі госцяў з Магілёва – клуб “Хімвалакно”. “Ільвы” традыцыйна лічацца нязручным сапернікам для гамяльчан, так што заўзятараў, якія запоўнілі лядовы палац у Гомелі, чакаў захапляльны матч.
Ужо на 4-ай хвіліне першага перыяду госці маглі адкрываць рахунак. Абаронца гаспадароў Міхаіл Хараманда, спрабуючы выкінуць шайбу з зоны, няўдала адправіў яе прама на пятак сваіх варот, але магілёўцы не змаглі скарыстацца шыкоўным падарункам, паслаўшы шайбу міма варот Ігара Брыкуна. Шанец апраўдаць сябе, Хараманда атрымаў літаральна ўжо ў наступным нападзе. Пас Ягора Філіна прама па цэнтры варожых варот знайшоў клюшку юнага абаронцы гамяльчан, і Міхаіл не выпусціў магчымасці вызначыцца, паслаўшы шайбу ў левы кут варот.
Менш трох хвілін спатрэбілася гасцям, каб зраўняць рахунак. З перадач Івана Сахарава і Андрэя Рамаданаўскага вызначыўся Раман Сальнікаў.
Такі заваротак падзей не ўладкаваў гаспадароў, якія адразу ж панесліся ў напад. Хуткі наступ імгненна прынёс свае плады. Стварыўшы мітусню ў варот Леаніда Грышукевіча, гамяльчане ўсё-ткі здолелі паразіць вароты госцяў. Самым праворным на пятаку стаў Ягор Філін, які і вывеў “рысяў” наперад.
Шанец павялічыць перавагу ў рахунку, гаспадары атрымалі ўжо напачатку другога перыяду. Аляксандр Жыдкіх і Дзмітрый Рудак, адарваўшыся ад абаронцаў, выходзілі ўдваіх на аднаго брамніка, але перагуляць Грышукевіча ім не ўдалося. Але як той казаў, не забіваеш ты – забіваюць табе. Маючы колькасную большасць, гамяльчане страцілі шайбу пад час няўдалага выхаду са сваёй зоны, а пакінутаму без нагляду па цэнтры чужых варот Максіму Цвяткову, не склала ніякіх праблем перагуляць брамніка гаспадароў. Злавіўшы кураж, магілёўцы маглі вызначыцца яшчэ раз, але Раман Магдзееў, выйшаўшы сам-насам з Брыкуном, так і не змог перагуляць таго
Працягваючы нагнятаць становішча ў гаспадарскіх варот, госці дамагліся свайго. Раман Сальнікаў адправіў у адрыў Арцёма Бажко і той вывеў падапечных Сяргея Усанава наперад. Напрыканцы перыяду, магілёўцы мелі шанец вызначыцца яшчэ раз, але Ігар Брыкун расцягнуўшыся ў шпагаце, адвёў пагрозу ад сваіх варот.
Невядома, што казаў Аляксандр Андрыеўскі сваім падапечным падчас перапынку, але на трэці перыяд хакеісты ХК “Гомель” выйшлі мабілізаванымі, і практычна ўвесь перыяд валодалі ініцыятывай. Толькі вось засмуціць Грышукевіча ім так і не ўдалося. Спрабуючы выратаваць матч, гамяльчане, за 54 секунды да канца сустрэчы, знялі галкіпера, але замест гэтага атрымалі яшчэ адну шайбу ў свае вароты. Дубль аформіў Арцём Бажко.
ГОМЕЛЬ – ХІМВАЛАКНО (Магілёў) 2:4 (2:1, 0:2, 0:1)
07.08.2009@18:30. Гомельскі лядовы палац, 2600 гледачоў.
СУДДЗІ: Уладзімір Праскураў, Аляксандр Запольскі, Андрэй Кузьмінскі, Дзмітры Корабаў.
СКЛАДЫ:
ГОМЕЛЬ: Брыкун; Філічкін – Копаць, Жэлубоўскіс – Пчэлякоў (к) – Полюдаў; І.Усенка. – Якушын, Коласаў – А.Усенка. – Мусіенка; Масленікаў – Хараманда, Я.Філін. – Жыдкіх – Рудак; Рабіза – Хозаў, Клімін – Сусло – Качан. Галоўны трэнер: Аляксандр Андрыеўскі.
ХІМВАЛАКНО: Грышукевіч; Касцюхін – Летаў, Р.Магдзееў – Куцэвіч – Баразенка (к); Цвяткоў – Сальнікаў, Сахараў – Рамаданаўскі – Царэгародцаў; Хамякоў – Гарбачоў, Блох – Ільін – Бажко; Лабкоў – Тамілін – Маршчэнок; Райцоў. Галоўны трэнер: Сяргей Усанаў.
ГАЛЫ: 4:47 1-0 Хараманда (Я.Філін); 7:32 1-1 Сальнікаў (Сахараў, Рамаданаўскі); 7:53 2-1 Я.Філін (Жыдкіх, Рудак); 25:10 2-2 Цвяткоў (Сахараў, Царэгародцаў); 33:57 2-3 Бажко (Сальнікаў); 59:59 2-4 Бажко.
БРАМНІКІ: Брыкун (00:00-59:06 – 89,28%) – Грышукевіч (00:00-60:00 – 94,74%).
КІДКІ: 38-29 (12-7, 10-13, 16-9).
ШТРАФЫ: 16-20 (10-4, 4-14, 2-2).
Гомель: Жэлубоўскіс – 4, І.Усенка, Пчэлякоў, Качан, Хараманда, Хозаў, Я.Філін.
Хімвалакно: Баразенка – 10, Летаў – 4, Гарбачоў, Тамілін, Хамякоў.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Аляксандр ЖЫДКІХ (Гомель) – Андрэй РАМАДАНАЎСКІ, Леанід ГРЫШУКЕВІЧ (Хімвалакно).
Сяргей УСАНАЎ (галоўны трэнер ХК “Хімвалакно”):
Сумленна кажучы, мне і, думаю, гледачам таксама, хакей спадабаўся. І нават не з-за таго, што мы выйгралі. Былі высокія хуткасці, разыгрываліся добрыя камбінацыі. У першым перыядзе, за рахунак добрага руху, перавагай валодаў сапернік. Можа адбівалася тое, што мы прыбылі ў Гомель у дзень гульні? Але ўсё адно, “Гомель” быў лепей нас і ў руху, і ў мысленні. У другім перыядзе я супакоіў сваіх хакеістаў, яны пачалі гуляць у пас, што ад іх і патрабавалася. Перахапілі ініцыятыву, закінулі, маглі яшчэ вызначыцца і ўжо ў другім перыядзе вырашыць зыход гульні. І ў трэцім перыядзе стваралі добрыя моманты, але пасля выдалення быццам бы стаміліся… Там патрэбна была свежая галава, але такіх ў нашым складзе не знайшлося, і сапернік перахапіў ініцыятыву. Сапернік меў магчымасць зраўняць рахунак, але добра, што ўсё гэта абыйшлося.
Аляксандр АНДРЫЕЎСКІ (галоўны трэнер ХК “Гомель”):
Хочацца адзначыць заўзятараў. Вельмі прыемна пачынаць гуляць у жніўні пры поўных трыбунах. Вялікі дзякуй ім, што прыйшлі падтрымаць каманду. Што да гульні, добра правялі першы перыяд. Знайсці слова, каб ахарактарызаваць другі перыяд, у мяне не атрымліваецца. Скажам так, правялі яго дрэнна. Тое што адбылося ў другім перыядзе, гэта следства нашых выдаленняў, якія мы атрымалі ў першым перыядзе. І трэці перыяд, я лічу, быў за намі. Мы перайшлі на тры звяна, сіл хапіла ўсім. Вось такі летні хакей атрымаўся.
Сяргей КУЛЫБА
ФОТА: Таццяна АДНАВОЧКА























