Бясплатны хостынг

Кубак Беларусі: Шыннік – Віцебск (рэпартаж з матчу)

Апублікавана hockeyby.org on Жні 8th, 2009 у рубрыцы БЕЛАРУСЬ, ФОТА. Вы можаце адсочваць камэнтары на публікацыю праз RSS 2.0. Камэнтары і зваротныя спасылкі зараз адключаны.

Кубак Беларусі: Шыннік – Віцебск (рэпартаж з матчу)

Першы матч ХК “Шыннік” у турніры ўнёс пэўныя карэктывы ў расстаноўцы гульцоў. У першай пяцёрцы знайшлі сваё месца Дзмітрый Абрэжа і Сяргей Громаў, якія праславіліся мінулым разам. Што праўда нейкіх асаблівых вынікаў у першым перыядзе гэтыя змены не далі.

Першая шайба апынулася ў варотах “Шынніка” на чацвёртай хвіліне матчу дзякуючы дакладнаму кідку Ягора Цурыкава. Адразу ўспомнілася мінулая гульня з “Юнацтвам”. Варта адзначыць, што гаспадары стваралі небяспечныя моманты поруч варот галкіпера “Віцебску”, але, нават гуляючы ў падвойнай большасці, не змаглі зраўняць лік. Наадварот, занадта захапіўшыся сваімі нападамі, прапусцілі зусім неабавязковую шайбу, аўтарам якой стаў абаронца “Віцебску” Павел Толсцік.

Другі перыяд, на жаль, адзначыўся толькі адным галявым момантам – у гэты раз вызначыўся капітан віцяблян Васіль Паланіцкі, яму асіставалі Аляксей Вінакураў і Данііл Арлоў. Гульня станавілася ўсё болей напружанай. Гаспадары не жадалі саступаць саперніку, нерваваліся і з-за гэтага шмат выдаляліся. Вядома, што гэта не лепшым чынам адбілася на выніку гэтай двадцаціхвілінцы.

Затое трэці перыяд цалкам задаволіў ахвоту заўзятараў да вялікіх эмоцый! Як і чакалася, бабруйская каманда паказала, што будзе змагацца да канца і перакідала саперніка амаль у тры разы! Усё пачалося з дакладнага кідка шыкоўнага нападніка Аляксандра Міхеёнка па варотах ужо засумаваўшага Шыбанава. Дапамаглі яму ў гэтым дасведчаныя абаронцы “Шынніка” Сяргей Зуеў і Сяргей Маркоўскі. Адказам на гэта стала імгненная рэакцыя форварда ХК “Віцебск” Яўгена Каштанава. Гэты ўдар быў велмі недарэчы для бабруйскіх заўзятараў, якія толькі што атрымалі надзею на станоўчы зыход матчу. Сітуацыю выправіў былы гулец ХК “Керамін”, а цяпер форвард бабруйскага клуба Яўген Навуменка, які аформіў свой першы дуплет у складзе бабруйскай каманды. Абодва разы асіставаў яму ў гэтым Аляксандр Міхеёнак, які ўжо паспеў вызначыцца ў гэтым матчы.

На жаль, любімчыкам бабруйскай публікі так і не давялося вырваць перамогу – але варта адзначыць, што і супернік быў даволі сур’ёзны! Тым больш, што “Віцебск” адзіны хакейны клуб, які пакуль ні разу не саступіў перамогу “Шынніку”. Будзем спадзявацца, што наступныя гульні “баброў” будуць праходзіць вылучна, як сённяшні трэці перыяд!

ШЫННІК (Бабруйск) – ВІЦЕБСК 3:4 (0:2, 0:1, 3:1)
07.08.2009@18:30. “Бабруйск-Арэна”, 2600 гледачоў.
СУДДЗІ: Андрэй Васько, Яўген Дзянісік, Дзмітрый Шабуневіч, Дзмітрый Казакоў.
СКЛАДЫ:
ШЫННІК: Брыш; Кузняцоў – Кручынін, Брызгалаў – Абрэжа – Громаў; Маркоўскі – Зуеў, Міхеёнак – Міхайлаў – Навуменка; Казлоў – Храмчанка (к), Емельянчык – Бурмістронак – Грышанаў; Захаранка – Аляксееў, Занкавец – Стась – Варонін. Галоўны трэнер: Васіль Панкоў.
ВІЦЕБСК: Шыбанаў; Паланіцкі (к) – Арлоў, Каштанаў – Цурыкаў – Вінакураў; Караткевіч – Парахонька, Абакумчык – Герлоўскі – Белы; Кароткі – П. Толсцік-ст., Голубеў – Вострыкаў – Карэшкоў; Сцяпанаў – Сачко – Ерашоў. Галоўны трэнер: Мікалай Казакоў.
ГАЛЫ: 04:12 0-1 Цурыкаў (Паланіцкі, Вінакураў); 18:47 0-2 Толсцік (Цурыкаў); 24:09 0-3 Паланіцкі (Вінакураў, Арлоў); 43:56 1-3 Міхеёнак (Зуеў, Маркоўскі); 45:37 1-4 Каштанаў (Цурыкаў); 47:45 2-4 Навуменка (Казлоў, Міхіёнак); 51:40 3-4 Навуменка (Міхеёнак).
БРАМНІКІ: Брыш (00:00-59:12 – 87,5%) – Шыбанаў (00:00-60:00 – 90,0%).
КІДКІ: 27-35 (7-14, 3-15, 17-6).
ШТРАФЫ: 26-22 (10-8, 12-6, 4-8).
ШЫННІК: Кузняцоў, Казлоў, Міхайлаў, Маркоўскі – 4, Громаў, Брызгалаў, Навуменка, Варонін, Абрэжа.
ВІЦЕБСК: Герлоўскі – 12, Толсцік, Белы – 4, Вострыкаў, Караткевіч, Сачко, Карэшкоў.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Яўген НАВУМЕНКА (Шыннік) – Васіль ПАЛАНІЦКІ, Ягор ЦУРЫКАЎ (Віцебск).

Мікалай КАЗАКОЎ (галоўны трэнер ХК “Віцебск”):
Вынікам, вядома, задаволены, але ўсе падзеі пачалі развівацца ў трэцім перыядзе. Я бачу наступныя чыннікі гэтага: па-першае, рана паверылі ў перамогу, таму што была адчувальная перавага, а па-другое, пайшлі пракіды і як вынік – выдаленні. Судзілі звычайна і выдаленні былі па справе – адзін момант толькі быў, дзе прасілі паўтору. Ну а ў трэцім перыядзе абарона проста была дэзарганізавана. І таму добра, што выдужалі і прынеслі камандзе 3 ачкі.

Васіль ПАНКОЎ (галоўны трэнер ХК “Шыннік”):
Вельмі дрэнны пачатак, як і ў першым матчы. Не ведаю з чым гэта звязана, будзем яшчэ разбірацца. Плюс да таго ж сапернік добра рэалізаваў большасць, можа быць яшчэ і гэта паставіла пад пытанне перамогу ў матчы. Потым пасля другога перыяду я сказаў, што губляць ужо няма чаго, трошкі хлопцы разняволіліся і сталі гуляць у “свой хакей”. Як атрымалася – так атрымалася. Тым не менш, “Віцебск” быў мацней.

Пытанняў па судзействе няма. Наколькі я ведаю, у суддзяў праходзілі зборы ці мабыць яшчэ зараз праходзяць. У іх ёсць выразныя ўказанні: зарабіў – атрымлівай. Увесь свет гуляе ў хакей і ведае, што калі гулец выдаляецца – усё 1:0. Да гэтага трэба быць гатовым. Толькі вось яно яшчэ не дайшло да вушэй, да розуму некаторых гульцоў! Але ж будзем таксама з гэтым спраўляцца.

Сяргей КІСЛЫ (нападнік ХК “Шыннік”):
Я лічу, што асноўная праблема ў псіхалогіі. Трэба проста надаць гэтаму аспекту больш увагі перад наступнай гульнёй, каб адразу з першых хвілін уліцца ў гульнявы тонус. Па сённяшняй гульні магу сказаць, што ў першых двух перыядах бракавала для рэалізацыі таго, што гульцы галоўным чынам дзейнічалі індывідуальна, а не спрабавалі гуляць камбінацыйна – гуляць у пас. А ў трэцім перыядзе наадварот сталі больш гуляць у пас, таму гэты перыяд і атрымаўся. Спадзяюся, што ў наступнай гульні каманда з першых хвілін пачне гуляць у “свой хакей”.

Аляксей КУЗНЯЦОЎ (абаронца ХК “Шыннік”):
Пачатак быў не вельмі ўзрушаючым. Можа нейкае хваляванне адбівалася ў хлопцаў, бо большасць з іх яшчэ вельмі маладыя. Правалілі першы і другі перыяды. У трэцім перыядзе пачалі гуляць і самі бачыце, які вынік атрымаўся! Калі б спачатку так гулялі, я не ведаю – “Віцебск” бы, напэўна, ледзь ногі панёс. Прэтэнзій няма ні да каго з хлопцаў – усё б’юцца да канца, працуюць. Я думаю, калі пачнецца чэмпіянат, будуць ўжо зусім іншыя гульні і перамогі прыйдуць, і ўсё будуць задаволены.

Аляксандр МІХЕЁНАК (нападнік ХК “Шыннік”):
Адчуванні пасля гульні самыя пышныя. Заўзятары вельмі дапамагаюць ва ўсім. Адчуваецца арэна, як быццам гуляеш на “Madison Square Garden” (смяецца). Па гульні – першых два перыяду скамечана ўсё неяк ізноў атрымалася, шмат выдаленняў. Трэба штосьці з гэтым вырашаць… Трэнер увесь час нагадвае, кажа пра гэта, але ўсё адно. Ці прадузята да нас суддзі ставяцца ці фізічна трохі слабаватыя, фалим трохі. Ну а так, наогул трэці перыяд, я лічу, выдатна правялі. Пачалі б так спачатку – перамога была б нашай! На наступных гульнях будзем імкнуцца перамагаць.
- Чакаў, што заб’еш сёння?
- Сумленна кажучы, быў наладжаны сёння на гол. З самага пачатку, нават, з ранішняй раскаткі. Ну а перадачы – натуральна трэба партнёру аддаваць. Я забіў – дзякуй партнёру, даў іншаму магчымасць забіць – мне дзякуй (усміхаецца).

Дзмітрый МІХАЙЛАЎ (нападнік ХК “Шыннік”):
Самае галоўнае, што ёсць за рахунак чаго дадаваць. Камандзе толькі месяц! Гэта асноўны пазітыў па вялікім рахунку. Нават з такімі гульнямі, як з “Юнацтвам” – другі і трэці перыяд, сёння трэці перыяд – я думаю, што гэта і быў сапраўдны “Шыннік”! На аптымізм наладжвае тое, што відаць дзе і як можна дадаваць. Абсалютна ўсе новыя хлопцы сабраліся, літаральна месяц толькі разам. Асноўныя гульні з 3 верасня пачынаюцца – я думаю, што там усё будзе ўжо добра.

Алена СЕМУЦЕНКА

Digg This
Reddit This
Stumble Now!
Buzz This
Vote on DZone
Share on Facebook
Bookmark this on Delicious
Kick It on DotNetKicks.com
Shout it
Share on LinkedIn
Bookmark this on Technorati
Post on Twitter
Google Buzz (aka. Google Reader)

Каментаванне не дазволена

Рэклама
Рейтинг сайтов

© ІА "Сусветны хакей", 2007-2009. Усе правы абароненыя.
Перадрукоўка матэрыялаў без гіперспасылкі на http://www.hockeyby.org/ забароненая!