Бясплатны хостынг

У таварыскім матчы “Гомель” здабыў перамогу над лідэрам КХЛ

Апублікавана hockeyby.org on Ліп 29th, 2009 у рубрыцы БЕЛАРУСЬ, КХЛ, ТОП-НАВІНА. Вы можаце адсочваць камэнтары на публікацыю праз RSS 2.0. Камэнтары і зваротныя спасылкі зараз адключаны.

Хакеісты "Гомеля"

Хакеісты "Гомеля"

Сёння, у рамках падрыхтоўчага збору, які праходзіць у фінскім мястэчку  Хейнала, хакейны клуб “Гомель” правёў таварыскі матч  з другім клубам КХЛ – мыцішчынскім “Атлантам” у якім здабыў перамогу з мінімальным адрывам 4:3 (0:0, 3:1, 1:2).

Для гамяльчан гэта быў другі матч у гэтым сезоне, у той час як іх супернік праводзіў першы спарынг.  Паядынак  мала чым нагадваў таварыскі. Першы перыяд завяршыўся з рахункам 0-0. Пачатак другога перыяду адзначылася галом у вароты “Атланту”. Вызначыўся форвард гамяльчан Павел Мусіенка, які выйшаў сам-насам з галкіперам Ягоравым (1-0). Аднак не прайшло і трох хвілін, як  Эрык Ландры рахунак зраўняў (1-1).

На 36 хвіліне матчу мыцішчынцы замяняюць брамніка – на лёд выходзіць Якаўлеў. Але наступная шайба ў вароты ХК “Атлант” залятае  на 39 хвіліне сустрэчы. Гэтага разу вызначыўся навабранец ХК “Гомель” Дзмітры Рудак. Прайшло крыху болей за хвіліну і ягоны пачын у большасці падтрымаў яшчэ адзін навічок  каманды Элвіс Желубоўскіс.  3-1 пасля другога перыяду і  “Рысі” сваю перамогу ўжо не выпусцілі. Нават зваротная ракіроўка брамніка Якаўлева на Ягорова “Атлант” не выратавала. У большасці на 45 хвіліне Ігар Мірноў скараціў рахунак да мінімуму 3-2, аднак ужо на 51 хвіліне гамяльчане зноў павялічылі адрыў у рахунку:  4-2 – у большасці адрозніўся Яўген Есаулаў.

Атмасфера на пляцоўцы накалялася. Зноў мытищинцы скарачаюць адрыў да мінімуму – на 52 хвіліне Бумагин у роўнасці робіць рахунак 4-3.

Ігар Брыкун

Ігар Брыкун

За паўтары хвіліны да канца сустрэчы галоўны трэнер расійскага клубу Фёдар Канарэйкін змяняе брамніка на шостага палявога гульца, але “Гомель” выдужаў. Мала таго, Павел Мусіенка мог аформіць дубль. Але не лёс. Аднак у выніку перамога срэбнага прызёра Чэмпіяната Беларусі над чацвёртым (згодна з рэйтынгам) клубам Еўропы.

Спецыяльна для нашага карэспандэнта гульню пракаментаваў брамнік ХК “Гомель” Ігар Брыкун:

“Была цікавая гульня, яны больш атакавалі, але мы змаглі выкарыстаць свае моманты. Трэнер перад гульнёй папрасіў усіх цалкам аддацца і згуляць самааддана. Сённяшні сапернік спадабаўся болей за “Тарпеда”. Тыя бралі за рахунак хуткасцяў, а “Атлант” каманда больш дасведчаная і таму гуляць з імі было цікавей”.

Па словах Ігара каманда з падмаскоўных Мыцішчаў гуляла амаль што сваім асноўным складам:

“У іх гуляў другі брамнік Ягораў. Не паставілі на гульню Гербера, які будзе асноўным брамнікам. Не было ў складзе Мазякіна, а ў астатнім былі ўсе асноўныя гульцы”.

Таксама гомельскі брамнік патлумачыў чаму каманда прайграла ў сваёй першай кантрольнай сустрэчы. Нагадаем, што двумя днямі раней “Рысі” з разгромным лікам 2:6 саступілі ніжагародскаму “Тарпеда”.

“У канцы матчу з “Тарпеда” ў нас было шмат выдаленняў і, магчыма, таму так буйна прайгралі. Шчыра кажучы, сёння канцоўка таксама атрымалася некалькі змазанай, таксама былі выдаленні, але мы змаглі выдужаць. Шкада, што Паша Мусіенка не патрапіў у пустыя вароты на апошніх хвілінах матчу. Ён ужо пераехаў сінюю лінію, кінуў і патрапіў у штангу”.

Напрыканцы нашай размовы Ігар шчодра надзяліў кампліментамі сённяшняга саперніка і распавёў як “Гомель” прапусціў усе тры свае шайбы:

“Для мяне гэта была першая гульня ў сезоне і вядома ж яна цікавая ўжо хоць бы гэтым. Ды і заўсёды цікава згуляць супраць моцнага саперніка, паглядзець як гуляе такая каманда, як “Атлант”. Там ніхто не кідае табе ў жывот ці ў шчыткі. Калі ўжо гульца вывелі на кідок, то кідок ідзе накіраваны. Відаць, што гэта больш дасведчаныя гульцы, бачны клас каманды.

У трэцім перыядзе яны нас класна прыціснулі! Хоць першыя два гала мы фактычна забілі самі сабе . Першы гол – яны прастрэльвалі, Саня Жыдкіх стрымліваў на “пятаку” іхнага нападніка, а шайба патрапіла ў клюшку і адскочыла ў вароты. Ну а другі гол – Якушын няўдала спрабаваў выкінуць шайбу… Трэці гол мы прапусцілі ў меншасці. Было выдаленне ў Шагава і два выдаленні запар у Валодзі Копаця. Вось пасля ягонага другога выдалення мы і прапусцілі шайбу”.

Ужо заўтра раніцай хакеісты “Гомеля” вырушаюць з фінскага Паюлахці на радзіму, дзе 7 жніўня возьмуць удзел у першым матчы Кубку Беларусі. Гэтым днём на сваёй арэне “Рысі” будуць прымаць магілёўскае “Хімвалакно”.

Digg This
Reddit This
Stumble Now!
Buzz This
Vote on DZone
Share on Facebook
Bookmark this on Delicious
Kick It on DotNetKicks.com
Shout it
Share on LinkedIn
Bookmark this on Technorati
Post on Twitter
Google Buzz (aka. Google Reader)

Каментаванне не дазволена

Рэклама
Рейтинг сайтов

© ІА "Сусветны хакей", 2007-2009. Усе правы абароненыя.
Перадрукоўка матэрыялаў без гіперспасылкі на http://www.hockeyby.org/ забароненая!