На айчынным тэлебачанні склалася прыкрая тэндэнцыя: тэлетрансляцыі спартыўных падзей, якія папросту можна было б паказаць у прамым эфіры, чамусьці паказваюць у запісе глыбокай ноччу…
За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. На мінулым тыдні ў Мінску праходзілі два матчы Кантынентальнай хакейнай лігі з удзелам мінскага “Дынама”. Сапернікамі беларусаў 27 студзеня быў маскоўскі ЦСКА, а 29-га — “Віцязь” з падмаскоўнага горада Чэхаў. Сустрэчы праходзілі ў сталічным Палацы спорту і распачыналіся ў 19.00. Аднак у тэлеэфіры тэлеканала ЛАД яны з’явіліся ў запісе познім вечарам. Тэлетрансляцыя сустрэчы “Дынама” — ЦСКА распачыналася ў 22.55, а матч “Дынама” — “Віцязь” вырашылі паказаць аж у 0.25! Каму патрэбны такі хакей?
Зразумела, што самыя адданыя заўзятары хакея назіралі за гульнёй непасрэдна з трыбун. А вось у тых, хто не змог прысутнічаць на трыбунах, заставаліся два варыянты: альбо пасля напружанага працоўнага дня ахвяраваць сном, з тым, каб хоць і ў запісе, але паглядзець хакей, альбо даведацца аб выніку сустрэчы з выпуску тэлевізійных навін, альбо з газет.
Зразумела, што ў таго ж тэлеканала ЛАД ёсць пэўная палітыка. Кіраўніцтва вырашае, якія перадачы ў які час паказваць. Але начныя тэлетрансляцыі матчаў Кантынентальнай хакейнай лігі наўрад ці могуць спрыяць папулярызацыі хакея сярод тэлегледачоў.
“Вельмі хацелася паглядзець сустрэчу “Дынама” з чэхаўскім “Віцязем”. Паглядзець матч ужывую не выпадала, бо працу ў той дзень закончыў толькі ў 19.00, — распавёў “Народнай Волі” спартыўны заўзятар Алег Рымашкевіч. — Прыехаў дадому, зазірнуў у тэлепраграму і схапіўся за галаву — пачатак трансляцыі ў 0.25! Прыкінуўшы, што ў лепшым выпадку трансляцыя скончыцца каля трох гадзін ночы, і праз тры гадзіны пасля гэтага мне трэба будзе прачынацца і збірацца на працу, ад прагляду хакея я быў вымушаны адмовіцца. Няўжо для паказу хакейнага матча нельга выбраць больш зручны час? А то атрымліваецца, што хакейную трансляцыю паказваюць, як нейкую, прабачце, “парнуху”, позна ўначы, з тым, каб як мага менш людзей паглядзелі яе…”
І сапраўды, чаму хакейныя трансляцыі з’яўляюцца ў эфіры так позна? Напрыклад, расклад хатніх матчаў мінскага “Дынама” быў вядомы яшчэ да пачатку сезона і пры жаданні прадугледзець “вокны” для прамых трансляцый хаця б хатніх матчаў каманды.
У спартыўнай дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі “Народнай Волі” адказалі наступнае: “Выбар часу паказу ў тым ліку і хакейных тэлетрансляцый — гэта прэрагатыва кіраўніцтва тэлеканала, на якім яны ідуць. Складаецца эфірная сетка, і сыходзячы з гэтага “прызначаецца” час трансляцый. Наша справа — арганізаваць трансляцыю якасна, а астатняе па вялікім рахунку не нашы пытанні. Канечне, нам таксама хацелася б, каб тыя ж хакейныя матчы ішлі ў больш зручны час, але чаму так не атрымліваецца, вы лепш даведайцеся ў кіраўніцтва”.
Віталь ГАРБУЗАЎ (“Народная Воля”)













