Апошні матч на “Кубку Палесься-2009 Саюз-Віктан” мусіў выявіць пераможца трэцяга розыгрышу новага, але ўжо пасьпеўшага стаўшага традыцыйным трафэя. Схэма правядзеньня турніру, якую арганізатары прапанавалі гэтым разам, зьвяла ў фінальным змаганьні зборныя Беларусі і Ўкраіны. Але ж фінал гэтым разам на фінал зусім ня быў падобны. Разгромны лік 7:2 на карысьць зараз ужо трохразовых уладальнікаў Кубка Палесься таму добрым пацьверджаньнем.
Адзінай зьменай, якую зрабіў галоўны трэнэр зборнай Беларусі Эдуард Занкавец перад фінальным матчам стаў абмен абаронцамі другой і трэцяй пяцёрцы. Ігар Шведаў заняў месца побач з Іванам Усенкам, а Вадзім Сушко далучыўся да Яраслава Масьленікава. Што ж да зборнай Украіны, дык самай значнай зьменай у складзе стала адсутнасьць нападніка Вадзіма Шахрайчука, які згодна з папярэдняй дамоўленасьцю ўзяў удзел толькі ў двух кіеўскіх матчах.
Складана было прадказаць у першым пэрыядзе, што гэты матч скончыцца настолькі разгромным вынікам. Нават калі Яраслаў Чупрыс вывеў на кідок Андрэя Міхалёва ўжо на 33-й сэкундзе матчу, і той первым жа кідком па варотах адкрыў рахунак у сустрэчы. Другі трывожны званочак для ўкраінскай каманды прагучаў на восьмай хвіліне. Госьці дапусьцілі памылку ў зоне атакі і вельмі хутка за гэта паплаціліся. Контратака вывела на кідок абаронца Андрэя Антонава і той ня надта задумваючыся кінуў адразу як толькі ўкаціўся ў зону. Але ж і ўкраінцы не збаўлялі тэмп атак на вароты Віталя Коваля і, мабыць, толькі дзякуючы ўпэўненай гульні беларускага брамніка лічбы на таблё былі на карысьць гаспадароў. Прабілі нашага брамніка ў самай сярэдзіне першай траціны матчу. Нядоўгатрывалы відэапрагляд і галоўны арбітар сустрэчы паказаў на сярэдзіну пляцоўкі.
Пачатак другога пэрыяду прымусіў ужо задумацца і беларусаў. Бо на трэцяй хвіліне пасьля моцнага кідка Алега Шафарэнкі з правага флянгу пасьпеў на дабіваньне Алег Цімчанка. Цікава, што нападнік наваполацкага “Хіміка-СКА” нават ідучы доўгага часу на первым месцы сярод бамбардзіраў Экстралігі нават не адразу патрапіў да складу зборнай. Толькі вось гэты гол стаў апошняй радасьцю для ўкраінскіх заўзятараў, большая колькасьць якіх змагла зьявіцца на трыбунах гомельскай арэны толькі калі лік у матчы быў 2-2.
Тое, што адбывалася далей на пляцоўцы акрамя як поўным разгромам назваць нельга. Тры галы за паўтары хвіліны прымусілі трэнэрскі штаб украінскай зборнай замяніць у варотах ужо дастаткова “паплыўшага” Канстанціна Сімчука на Вадзіма Селівёрстава, які першага разу за турнір заняў месца на апошнім рубяжы.
З трох шайбаў, якія ўляцелі ў вароты гасьцей за гэты час, асабліва хочацца адзначыць гол Дзьмітрыя Дудзіка, які стаў для яго ўжо трэцім на турніры. Атрымаўшы шайбу на “пятаку”, Дзіма не разгубіўся і, стоячы сьпіной да брамы, адваротным рухам клюшкі ўкінуў шайбу ў сетку, нават ня паглядзеўшы ў той бок.
А яшчэ адзін гол 77-га нумара беларускай зборнай адназначна зацьвердзіў яго ў якасьці лепшага снайпэра турніру. “Мы ведалі, што ў Дзімы шмат бамбардзірскіх балаў і неяк спрабавалі гуляць на яго“, – сказаў пасьля матчу беларускі нападнік Андрэй Міхалёў. Але ж аднога бала Дудзіку ўсё ж такі не хапіла, каб перагнаць у бамбардзірскай гонцы француза П’ера-Эдуара Бэльлемара, на рахунку якога 5 (1+4) заліковых ачкоў супраць 4 (4+0) у Дудзіка.
Ну а што ж украінцы? Сказаць, што яны былі разгубленыя – гэта нічога не сказаць. Нават награда лепшага абаронца турніру, якую ўручылі Віталю Люткевічу, здаецца ня ўзрадавала ні яго, ні ягоных сяброў. “Зборная і “Сокал” апошнім часам мелі вельмі напружаны графік. За апошнія 10 дзён мы згулялі 8 матчаў, а гэта ўжо занадта“, – сказаў пасьля матчу трэнэр каманды трэнэр каманды Дмытро Хрыстыч. – “Здаецца, сёньня як раз дала знаць пра сябе стомленасьць, якая накапілася за гэты час. Але я, гледзячы ў каляндар, магу сказаць, што ў студзені мы дадзім камандзе крыху адпачыць і аднавіцца“.
А зборную Беларусі застаецца толькі павіншаваць з трэцяй перамогай на Кубку Палесься! Каманда, як і ў мінулыя разы, набірае хаду ад матча да матча і да фінальнай сустрэчы падыходзіць на піку сваіх магчымасьцяў. “Якасьць гульні паляпшалася з кожным матчам“, – сказаў на пасьляматчавай прэсавай канфэрэнцыі галоўны трэнэр зборнай Беларусі Эдуард Занкавец. – “Шмат гульцоў, якія дэбютавалі ў зборнай у гэтым сэзоне пакінулі вельмі добрыя ўражаньні і самы вялікі “плюс” – гэта тое, што сьпіс кандыдатаў у зборную, якая паедзе на чэмпіянат сьвету ў нас ужо вельмі вялікі“.
Што ж, гэта сапраўды прыемна, што зборная ўсё ж такі расьце. А разам са зборнай расьце і “Кубак Палесься”. Хто наступнага разу прыедзе на турнір і дзе акрамя Гомеля ён будзе праходзіць – паглядзем. Але ж можам упэўнена казаць, што ні адна зборная, якая брала ўдзел у палескім хакейным турніры, не засталася незадаволенай, а павязла з сабою толькі добрыя ўражаньні ад беларускай зямлі.
[slideshow id=21]
БЕЛАРУСЬ – УКРАІНА 7:2 (2:1, 3:1, 2:0)
20.12.2008@17:00. Гомельскі лядовы палац, 2400 глядачоў.
Судзьдзі: Аляксандр Барысаў (Латвія), Дзьмітры Шабуневіч (Беларусь), Васіль Каляда (Беларусь).
Склады: БЕЛАРУСЬ: Коваль; Антонаў – Макрыцкі, Чупрыс – Міхалёў – Мялешка; Копаць (к) – Магдзееў, Кулакоў – Круцікаў – Дудзік; Усенка – Шведаў, Дзямагін – Кавыршын – Раманенка; Масленікаў – Сушко, Андрушчанка – Стась – Яфіменка. Галоўны трэнэр: Эдуард Занкавец. УКРАІНА: Сімчук, Селівёрстаў; Гунько (к) – Ісаенка, Матвійчук – Цыруль – Ліцьвіненка; Люткевіч – Алексюк, А. Цімчанка – Шафарэнка – Мацярухін; Срубко – Наварэнка, Якавенка – Алецкі – Дзячэнка; В. Цімчанка – Благой, Пастух – Гнідэнка – Доніка. Галоўны трэнэр: Аляксандр Сеўканд.
Галы: 00:33 1-0 Міхалёў (Чупрыс); 07:22 2-0 Антонаў (Чупрыс); 09:51 2-1 Якавенка (Гунько, Алецкі); 22:09 2-2 А. Цімчанка (Наварэнка, Шафарэнка); 33:13 3-2 Дудзік; 34:13 4-2 Яфіменка (Стась, Андрушчанка – больш.); 34:43 5-2 Мялешка (Міхалёў, Чупрыс); 41:34 6-2 Дудзік (Кулакоў, Копаць); 44:34 7-2 Кулакоў (Круцікаў, Копаць).
Брамнікі: Коваль (00:00-60:00 – 94.12%) – Сімчук (00:00-34:43 – 80.00%), Селівёрстаў (34:43-60:00 – 81.82%).
Кідкі: 36-34 (11-6, 18-12, 7-16).
Штрафы: 16-14 (4-8, 4-4, 6-2). БЕЛАРУСЬ: Раманенка – 4, Міхалёў, Магдзееў, Сушко, Копаць, Усенка, Стась. УКРАІНА: Ісаенка – 6, Срубко, Дзячэнка, Цыруль, Пастух.
Лепшыя гульцы: Дзьмітры ДУДЗІК (Беларусь) – Аляксандр МАТВІЙЧУК (Украіна).














Што выйгралі гэта, бязумоўна, добра. Віншую!
Але вось ці расьце зборная па такіх гульнях глядзець ня трэба. Французы дабіраліся на Беларусь, па словах аднаго з гульцоў іх каманды, з вялікімі цяжкасьцямі і былі стомленыя. Украінцы 8 гульняў за 10 дзён правялі. І толькі перамога над Латвіяй, калі і парадавала, то толькі як чарговая над нашам прынцыповым супернікам, але калі на іх склад паглядзець, то ён быў не мацнейшы: па словах трэнера, 4-5 паедзе на ЧС, а складзена яна ў асноўным з каманды, якая і ў АЧБ не на першых ролях.
Так што мае рацыю спадар Ларыёнаў, калі кажа пра неабходнасьць зьмяняць фарматы Эўратура і паралельна зь ім ідучых спаборніцтваў.
Ды і ІІХФ трэба большая камерцыялізацыя ды разьвіцьцё маркетынгу. Бо паглядзіш на сайт МІЖНАРОДНАЙ ФЕДЭРАЦЫІ – і жахліва становіцца. Як там Фазел столькі гадоў безпраблемна кіруе?..
А што Латвія? “Рыга-2000″ + некалькі маладых гульцоў з Эўропы.
“З гэтага складу на чэмпіянат сьвету паедзе чалавека чатыры ці пяць” (с) Знарок.
Шчыра кажучы, быу здзiулены, што лепшым нападнiкам прызналi Яугена Кавыршына, ня ведаю, хто гэта вызначау , але мне больш спадабалiся Дудзiк i Мэнье.