Маючы стартаваць днямі сэзон 2008/09 стане самым насычаным за 45-гадовую гісторыю кіеўскага “Сокала”. Флягман украінскага хакею возьме старт адразу ў трох чэмпіянатах — Расіі, Беларусі і Украіны, а таксама пазмагаецца за выхад да фінальнай стадыі Кантынентальнага кубку!
Галоўнай навіной дня стала тое, што кіеўскі “Сокал” возьме ўдзел у першынстве Ўкраіны з першага этапу, а ня са стадыі плэй-оф, як плянавалася раней. Цікава, што дэфіцыту гульнявай практыкі на ўнутранай арэне сталічны гранд не зазнае. Справа ў тым, што Выканкам Фэдэрацыі хакею Ўкраіны (ФХУ) з мэтаю папулярызацыі хакею ў краіне прыняў рэвалюцыйнае рашэньне пашырыць вышэйшую лігу з 6-ці да 17-ці каманд! З новага сэзону, за рахунак напаўпрафэсійных каманд з першай лігі, будзе створаны элітны эшалён з трох дывізіёнаў: Заходняга (6 каманд), Цэнтральнага (5 каманд) і Ўсходняга (6 каманд). Статус топавай групы атрымае Цэнтральны квінцет, які створаць кіеўскіе “Сокал”, АТЕК, “Кампаньён”, браварскі “Барс” і ХК “Харкаў”. Цікава, што на шляху да плэй-оф удзельнікі чэмпіянату Ўкраіны не абмяжуюцца ўнутранымі разборкамі, а згодна з новай формулай турніру, зьдзейсьняць каляндарныя ваяжы ў госьці да прадстаўнікоў суседніх рэгіёнаў.
З нагоды рэформаў, што адбыліся, хакеістам “Сокала” зараз ня пазайздросьціш. У гэтым сэзоне “бела-блакітным” давядзецца “разрывацца” адразу на чатыры франты! Відавочна, што асноўны цяжар ляжа на плечы галоўнай каманды “Сокала”, якая пад кіраўніцтвам Аляксандра Сеўканда згуляе ў эўракубках і 66-ці матчах вышэйшай лігі адкрытага першынства Расіі. І гэта калі ня ўлічваць плэй-оф. Таксама нямалай гульнявой практыкай будзе забясьпечаны і рэзэрвовы склад (хакеісты ва ўзросьце ад 17 да 21 году), які пад началам Сяргея Лубніна адкатае пяціколавую спаборніцкую праграму (45 матчаў) у турніры беларускіх фарм-клюбаў. Верагодна, што і ў першынстве Ўкраіны касьцяк “Сокала” сфармуюць як раз гульцы другой каманды, але ж пры неабходнасьці дапоўніць яго змогуць юніёры са школы Вячаслава Завальнюка ці-то хакеісты, незадзейнічаныя за каманду Сеўканда. У гэтай сувязі заяўка на першынства Ўкраіны ў “Сокала” ня будзе лімітаванай.














